Наталля Цвірко. Вершы
Среда, 17.09.2014 07:09. Рубрика: Вершы
Звонка-звонка дождж цыбаты
Ранкам крочыў каля хаты.
Намачыў усе дарожкі
І нашкодзіў нават трошкі.
Сталі лужыны як мора,
І было тут Дашы гора:
Як ісці, а можа, плысці?
Як цяпер з падворку выйсці?
Покуль Даша разважала,
Ярка сонейка заззяла,
Прасушыла ўсе дарожкі –
Не намочыць Даша ножкі.
Адвячорак
Дагарае дзень за даляглядам,
Сонейка збіраецца ўжо спаць.
А гарэза-ветрык вельмі рады:
Будзе ноччу зоркі калыхаць.
Птушкі ўсе заснулі на галінках,
Кветачкі на лузе бачаць сны.
Нават сарамлівая ялінка
Дрэмле ціха-ціха ля сасны.
Дагарае дзень за даляглядам,
Дзеткам трэба класціся ўжо спаць.
Будзем мы світанку вельмі рады,
Будзем заўтра сонейка вітаць.