Шубуршун губляе карабель
Шубуршун страсянуў з сябе кроплі вады. Падняў лапкі ўгору, падрыгаў ножкамі і смачна пацягнуўся. Настрой крышачку палепшыўся. Страхі, якія даймалі рачнога капітана яшчэ некалькі хвілін назад, мінулі. Сапраўды, за апошнія гадзіны нацярпецца яму давялося як ніколі. Такіх выпрабаванняў у яго вандроўках-прыгодах даўно не было. Пакінуўшы мурашак-чужынцаў на беразе велічнага Дняпра, Шубуршун працягваў сваё падарожжа самастойна. Адзінота прынесла нямала суму і перажыванняў. Хацелася найперш ведаць, куды і навошта рухацца далей. Родная Балачанка даўно засталася ззаду. А некалі ён так хацеў вярнуцца туды!..
Шубуршун дасягнуў сваёй мэты – выканаў абяцанне, якое даў Чароўнай Пясчынцы. Ён дапамог мурашкам-чужынцам дабрацца да роднай старонкі. Што ж далей? Што рабіць, калі наўкола адна толькі вада? І карабель, які да гэтага часу стаў сапраўды родным домам, ужо патрабаваў большай увагі. Сёе-тое даўно варта падрамантаваць, некаторыя месцейкі падлатаць, умацаваць.
– Дык, можа… – толькі частку думкі і паспеў прагаварыць Шубуршун, як раптам зашумеў вецер. Узняліся дняпроўскія хвалі, раз-пораз заліваючы і карабель, і адважнага капітана-самотніка. Шубуршун прыціснуўся да дна лодкі. Спярша нацягнуў на сябе кавалачак жоўтага бярозавага лістка, які ў летнія ночы бараніў ад холаду лепш за самую цёплую коўдру. А тут лісток напоўніўся вадой, прымаючы на сябе ўсё новыя і новыя хвалі. Поўсць капітана пацяжэла. Шубуршуна пачало трэсці, зубкі яго ляскалі, усё адно як дзяцел выбіваў сваю азбуку Морзэ па кары дрэва.
Але ж не мог Шубуршун так лёгка здацца. Прайсці на лодцы ўвесь Дняпро, вывезці з чужыны цэлую каманду мурашак – і загінуць ад дажджу? Некалі ж ён, капітан, спакойна перанёс дождж на Свіслачы. А што цяпер?..
Шубуршун рашуча скінуў з сябе лісток. Намацаў лапкамі вялізную конаўку, якой пачаў вычэрпваць ваду з лодкі. І так разагрэўся, што ўжо і не адчуваў, як хвалі зноў і зноў накрываюць яго самога… Шубуршун змагаўся з непагодай не адну гадзіну. Недзе пад раніцу, калі праз хмаркі пачало прабівацца сонейка, дождж спыніўся. Пацішэў і Дняпро. Рачныя хвалі прыбілі лодку амаль да берага. Да сушы заставалася некалькі метраў. Капітан прыладзіў вёсельцы да ўключын і пачаў старанна грэбці.
Неўзабаве лодка праз нейкі час уткнулася ў пясчаны бераг. Шубуршун стомлена ўздыхнуў. Але раптам капітана і яго лодку накрыла новая хваля вады. Ды такая магутная, што падхапіла Шубуршуна і выкінула на вялікі пляскаты камень, што месціўся за некалькі метраў ад ракі. Прызямленне аказалася не дужа прыемным. Ударыўшыся аб камень усім целам, Шубуршун ажно вочы заплюшчыў. Так і праляжаў мо з гадзіну, пакуль не апрытомнеў. Толькі тады ён зразумеў, што новую хвалю на яго карабель скіравала лодка мясцовага рыбака, які спяшаўся на рыбалку пасля начнога дажджу. Што ж, дзе яго, Шубуршуна, караблю раўняцца з лодкай рыбака…
Стомленасць, боль спакваля праходзілі. Шубуршун парадаваўся, што застаўся жывы. Карцела хутчэй паглядзець, што стала з караблём? Ці ацалеў яго добры і надзейны спадарожнік?..
Алесь Карлюкевіч