Лепшая ў свеце буслянка
– Прачынайся, Бусік! Мне сумна. Я хачу гуляць.
Ён хутка ўскочыў на ножкі і за-ла-па-таў крыламі:
– Кля, кля, каму сумна? Хто хоча са мною гуляць?!
Пабачыў старэйшых братоў, якія яшчэ салодка спалі ў буслянцы. Хацеў клюнуць аднаго з іх, каб той прачнуўся.
– Ах, не чапай! Не чапай, – зноў зашаптаў нехта. – Няхай браты паспяць, а мы з табою пагуляем.
– А ты хто? – ас-ця-рож-на запытаўся Буся.
– Я – Ветрык! Гуляю вакол тваёй буслянкі. Аднаму мне самотна.
Бусю адразу стала страшна. Ён трошкі памаўчаў, а потым сказаў Ветрыку:
– Я ўчора думаў пра сонца, а мне трэба было думаць пра цябе.
– Ха-а-ха-а, – засмяяўся Ветрык. – Навошта табе пра мяне думаць? Сонца высока ў небе, а я – побач. Давай пагуляем!
– Не-не, – яшчэ больш спа-ло-хаў-ся Буся. – Ты можаш так раз-гу-ля-цца, што разбурыш нашу буслянку.
– Ні ў якім разе, – тут жа адазваўся Ветрык. – Нават калі сюды прыляцяць мае ста-рэй-шы-я браты, твая буслянка не разбурыцца.
– Чаму? – запытаўся Буся.
І Ветрык яму адказаў:
– Таму што твой бацька ўмее дамаўляцца з вятрамі. Аднойчы сюды прыляталі мае браты. І яны так моцна пачалі спра-ча-цца паміж сабою, што вунь з таго хлява зляцеў дах. А з тваёй буслянкі ніводная галінка не звалілася.
– Ну вось, кля, кля, – не адразу адазваўся Буся. – А цяпер я стану думаць, як мой бацька да-маў-ля-е-цца з вятрамі, каб яны не чапалі нашу буслянку.
– Не думай. Гэта вялікая таямніца, – і тут жа Ветрык запытаўся: – Хочаш, адкрыю адзін сакрэт?
– Хачу, – імгненна ўзмахнуў Буся дзюбаю.
– Дык вось, – зашаптаў Ветрык. – Аднойчы я чуў, як адзін мой брат казаў другому, што з усіх птушак твой бацька самы вялікі майстар. Ён і архітэктар, і будаўнік, а можа, нават і чараўнік. Гэтую буслянку твой бацька збудаваў за адну ноч, калі цябе яшчэ не было на свеце. Такое пад сілу толькі ча-раў-ні-кам.
– Я жыву ў чароўнай буслянцы, – узрадаваўся Буся і тут жа спалохана прысеў: – Кля, кля… Сюды яшчэ вятры ляцяць. Я чую моцны шум!
– Дзівак, – уздыхнуў Ветрык. – Гэта ж твае бацькі шумяць крыламі. У буслянку вяр-та-ю-цца. Сняданак нясуць, – і ён паляцў прэч ад буслянкі, зра-зу-меў-шы, што Буся не пагуляе з ім. Будзе снедаць.
Бацька апусціўся ў буслянку першым.
– Кля, кля, – звярнуўся ён да Бусі. – Хутчэй братоў будзі. Мыйце дзюбы.
Буся глядзеў на бацьку, і яго маленькае сэрца радасна білася.
– Мой бацька – самы вялікі майстар, – хацелася закрычаць яму на ўсё на-ва-ко-лле. – Ён збудаваў чароўную буслянку, і яна най-леп-ша-я ў свеце. Самая-самая лепшая мая буслянка!..
Працяг у № 5 “Бусі” (кастрычнік).