Смаката не для ката
Суніцы
Хоча Насця падзяліцца
з коцем спелаю суніцай,
але гэта смаката
не прывабіла ката.
Каліна
Зіхаціць на сонцы гронка
самацветам для пярсцёнка,
ды смяецца брат з Аліны:
– Гэта ж ягады каліны!
Чарніцы
– Дайце, дайце рукавіцы,
рукі пэцкаюць чарніцы!
– Добра, – кажа мама Вары, –
што не бачыш ты свой тварык.
Вішні
Ах, якой жа стала ўвішнай!
Не пазнаць нашай Наташкі.
Коціку са спелых вішняў
нарабіла яна кашкі.
І зусім не чуе кіску:
– Лепш дала б ты мне сасіску!
Буякі
Сіненькія бубачкі
для дзяўчынкі Любачкі.
У нізінцы – буякі,
гляньце, шчодры лес які!
Клубніцы
Стала Ната ля куста,
ды карціць ёй нахіліцца,
бо на градцы з-пад лістка
пасміхаюцца клубніцы.
Вінаград
– Можаш, – Глебу кот сказаў, –
вінаградам аб’ядацца!
Даспадобы мне лаза,
каб ад Тузіка хавацца.
Маліны
Аж згінаюцца галіны –
вераб’і клююць маліны.
Просіць вераб’ёў Антошка:
– Вы ж і мне пакіньце трошкі.
Агрэст
Плача з раніцы Арэст,
укалоў яго агрэст.
Не сказаў ніхто Арэсту:
цяжка сябраваць з агрэстам.
Журавіны
Варыць жвавая газель
журавінавы кісель,
каб маленькія газелі
днём зімовым не хварэлі.
Журавіны дзеткам мілым
надаюць чароўнай сілы.
Рабіна
Маладой рабіны гронка
зранку стукае ў аконца
да малой дзяўчынкі Валі:
– Зрабі з ягадак каралі.
Парэчкі
Кажа брат Алежку смехам:
– Ты ў нас недаўмечка!
Я прашу ў цябе арэхаў,
ты нясеш парэчкі.
Ды Алег для злагады
прынёс брату ягады.
Ажыны
Многа ў лесе ягад розных
сярод елак, сярод соснаў.
Для маленькае Гражыны
спеюць ягады-ажыны.
Чарэшні
Галі ўжо зусім не смешна:
цэлы дзень кот на чарэшні!
Барсік – хатні жартаўнік,
зараз добры вартаўнік.
Так галіну ён разгушкаў,
што баяцца сесці птушкі.
Брусніцы
Бусю ўсё палянка сніцца!
Зіхаціць яна ў брусніцах.
Ягады – сама краса,
бы ружовая раса.
Вершы Раісы БАРАВІКОВАЙ