Пра Бусю, які жыве на Беларусі
Аповесць-казка
1. Буся вучыцца думаць
Аднойчы вечарам Буся сядзеў і думаў. Спаць не хацелася. А ўсё таму, што думкі прыляцелі. Пазіраў Буся на сонца і хацеў да-ду-ма-цца: чаму яно скат-ва-е-цца з неба за цёмны лес?
От, цікава, раніцай, калі толькі прачнуўся, сонца ўзы-хо-дзі-ла на неба. На яго нельга было пазіраць. Сляпіла вочы, як бы на ім тан-ца-ва-лі за-ла-ці-сты-я хвалі. Тата Бусел і мама Бусліха ўзнялі крылы і паляцелі шукаць сняданак. Кле-кат-ну-лі:
– Кля!.. Чакай, кля, нас…
Буся і не думаў нікуды знікаць. Пачаў гуляць з сонцам у хованкі. Схавае галаву пад крыло – няма сонца. Толькі зірне на неба, а яно – тут як тут, у-смі-ха-е-цца.
Буся радаваўся сонцу. Махаў крыламі, як бы хацеў паляцець на нябесны дзіва-шар.
Пасля быў доўгі-доўгі летні дзень. Буся нават забыўся пра сонца. А яно ўзнялося вельмі высока. І адтуль толькі ўсміхалася ўсім.
Ды вось вечарам Буся зноў убачыў сонца. Яно падала за лес, які здаля падобны на зубчаты казачны замак. Рас-чыр-ва-не-ла-е. Стомленае. Вялізнае. А раптам яно ўпадзе і ніколі болей не падымецца?
– Кля, кля, кля, – дробненька і крыху трывожна выгукнуў Буся.
Мама суцішыла:
– Кля!.. Спі, дзіцятка, не хвалюйся…
Бусліха сядзела побач. Ад яе ішло такое прыемнае цяпло, што ў Бусі самі сабой пачалі за-плю-шчва-цца вочы. Перад тым, як заснуць, убачыў тату. Ён стаяў на буслянцы ў высокіх чырвоных ботах і пазіраў некуды далёка. Як салдат на варце. Канечне, ён ахоўваў сваю сям’ю. А можа, і сонца, якое таксама клалася спаць. Буся ўпершыню адчуў, што тата Бусел ведае шмат таямніц. Ён, напэўна ж, бываў за тым лесам, куды а-пу-ска-ла-ся сонца. Трэба пра ўсё распытаць. А пакуль што трэба спаць, набірацца сіл. “Можа, і я калі-небудзь убачу сонечны замак. А ў ім – трон і залатую спальню нябеснай Уладаркі… Як прыемна, калі ўмееш думаць,” – падумаў Буся і соладка заснуў.
Раіса БАРАВІКОВА
Уладзімір ЛІПСКІ