Аладзін
Казачны год разам з “Вясёлкай”
Казкі нездарма называюць скарбонкай народнай мудрасці: у іх можна знайсці адказы на любыя пытанні, падказкі на ўсе жыццёвыя задачы. Асабліва калі гэта казкі старыя, што прыйшлі да нас з даўніх часоў. Вось і казка пра Аладзіна: яна апавядае пра дзівосныя прыгоды свавольнага хлопца, які знайшоў чароўную лямпу і вызваліў джына, зведаў небяспеку і пабачыў мноства цудаў. Але ці ведаеце вы, што гісторыя пра Аладзіна – толькі адна з арабскіх казак, што складаюць зборнік “Тысяча і адна ноч”? Гэта кніга пісалася на працягу многіх гадоў. Некаторыя мяркуюць, што яна існавала ўжо ў Х–ХІ стагоддзях. Аднак казкі з яе застаюцца цікавымі і сёння. У іх адлюстроўваецца самабытнасць арабскага свету, дух усходняй культуры, традыцый.
Ці чыталі вы казку пра Аладзіна? А можа, глядзелі мультфільм, зняты паводле яе на студыі Уолта Дыснея? Каго з герояў пазналі на вокладцы і на гэтай старонцы? Чаму, на ваш погляд, вучыць чароўная казка пра Аладзіна чытачоў? Дасылайце свае адказы на адрас рэдакцыі або на электронную пошту vyaselka2011@yandex.ru. Аўтары самых цікавых лістоў атрымаюць падарункі.
Вася ВЯСЁЛКІН