Лясная шкодніца
Бацька Год і яго сёмы сын Ліпень крочылі неяк па Берасцейшчыне. Найбольш яны любілі палявыя дарогі, уздоўж якіх раслі васількі, рамонкі, дзе-нідзе цыкорыі. Але не толькі краскі цешылі бацьку і сына – падабаўся ім нават сівы палын, яго выразны пах. Падышлі яны да жытнёвага поля. Год і Ліпень залюбаваліся залацістай густой збажыною. Далей, за жытнёвым полем, пачынаўся высокі лес.
– Ці не хочаш, бацька, ягад? – запытаўся Ліпень. – У гэтым лесе ведаю чарнічныя мясціны.
– Ды не, схадзі сам, а я тут пачакаю – адказаў бацька Год.
Ліпень пакіраваў да лесу.
Тым часам у лес па чарніцы прыйшоў хлопчык Алесь. А там ужо чалавек дзесяць ягады збіраюць. Алесь павітаўся з усімі, знайшоў плодны ягаднік, увесь усыпаны буйнымі чарніцамі. Ды побач на зямлі заўважыў нямала зламаных і вырваных кусточкаў ягадніку. Хлопчык занепакоіўся, падняў некалькі такіх кусточкаў і падышоў да незнаёмых людзей, што збіралі ягады.
– Ці не ведаеце, людзі добрыя, хто гэта робіць такую шкоду? – і ён падняў знішчаныя расліны.
– Ведаем, сынку, ведаем, вунь непадалёк цётка сядзіць на паваленым дрэве. Мы яе ўшчувалі, а яна ў адказ: “Вы для мяне не ўказ! Што хачу, тое раблю!”
Праз імгненне Алесь наблізіўся да шкодніцы:
– Што вы, цётка, робіце?
– Ну, ягады абрываю. А табе што?
– Навошта вы ягаднік зрываеце, нішчыце?! А на абарваных галінках яшчэ колькі зялёных ягад, яны прападуць, нікому не дастануцца.
– Падумаеш, ягад многа, усім хопіць!
– А калі б усе так вычваралі, як вы, то іх бы зусім не было, – абурыўся Алесь.
– Ты не павучай мяне, у цябе яшчэ малако на губах не абсохла, – адрэзала цётка.
Гэтую размову пачуў спадар Ліпень, які непрыкметна падышоў і стаў за спінаю хлопчыка.
– Хлопчык праўду кажа, – умяшаўся ён у размову. – А я дадам: чарнічнік амаль дваццаць гадоў расце, перш чым на ім з’явяцца першыя ягады. Так што, цётухна, канчайце сваю ганебную справу.
– Якія ж вы разумныя ды правільныя! – адбівалася цётка, працягваючы абрываць ягады з вырваных чарнічных кусточкаў і зламаных галінак і кідаць знішчаныя расліны пад ногі.
Ліпень тым часам дастаў мабільнічак і патэлефанаваў бацьку Году.
– Бацька, патрэбна твая парада. Чакаю цябе ў лесе.
Бацька Год з’явіўся вельмі хутка. І калі зразумеў, у чым справа, парадзіў звярнуцца па дапамогу да Лесавічка. Лесавічок адгукнуўся і прыслаў Жэўжыка-невідзімку з бярэмкам нябачнай для зроку крапівы. І як толькі шкодніца пачала зноў чарнічны кусток ламаць, Жэўчык-невідзімка пекануў яе жыгучкай па руках!
– О-я-ёй! Што за нячыстая сіла! – закрычала тая і – наўцёкі.
Нават гумаўцы пазляталі з ног. А Жэўжык-невідзімка яшчэ па нагах добра пекануў.
– Вой-вой! Як балюча. Рукі, ногі агнём гараць! – яшчэ гучней стала крычаць цётка.
– Гэта табе за тваю шкоду! – несліся наўздагон словы Лесавічка.
Пасля цётка апамятался. Вярнулася. Падняла свае гумаўцы і, чырвоная, як бурак, пашыбавала з лесу не азіраючыся.
Нікому потым яна не распавядала, што здарылася ў лесе і як яе адвучылі рабіць шкоду і прыродзе, і людзям.
Васіль ЖУКОВІЧ