«Сустрэча з вясной» і «Навальніца»
НАВАЛЬНІЦА
Стаяў ясны дзень, слабы вятрыска гайдаў на галінках лісце. Знянацку пачало цямнець, і толькі над лесам яшчэ зіхацела сонейка. Па шкле забарабанілі першыя кроплі дажджу. Кароткая яркая ўспышка асвяціла сад, на імгненне запоўніла пакой. Грымнуў гром, спачатку густым басам, потым раскаціўся па двары зычным звонам – як ад вядзерца, якое ўпусцілі з рук дзесьці ля калодзежа на каменныя пліты. А затым усё сціхла, навальніца памчалася далей, туды, дзе сухая зямля чакала вады. Хмара над нашым домам распалася на дробныя шматкі і сплыла за лес. Адзіным напамінам аб навальніцы застаўся зіхоткі зайчык – адбітак сонца на люстранай паверхні лужыны пад акном.
Міша ГРЫДАСАЎ
г. Мінск, СШ № 162
СУСТРЭЧА З ВЯСНОЙ
Вася Вясёлкін і Васілінка гулялі ў садзе. Там яны сустрэлі дзядулю-чараўніка.
Вася папрасіў:
– Дзядуля, зрабі, калі ласка, нам чароўную ладдзю.
– А навошта яна вам? – запытаў дзядуля.
– Мы з Васілінкай хочам паплыць туды, дзе жыве Вясна.
Дзядуля зрабіў ладдзю. Дзеці ўзялі з сабой сабаку Шарыка і адправіліся ў падарожжа.
Плывуць яна па рацэ і бачаць: вясёлая рыбка іграе на дудачцы. Рыбка расказала ім, што нядаўна бачыла Вясну на рачной крызе. А цяпер Вясна гаспадарыць у лесе.
Вася і Васілінка прычалілі да берага і пайшлі ў лес. Там яны і ўбачылі Вясну: яна рассыпала па зямлі прыгожыя кветкі, ад якіх святлела наўкол.
Дзеці палюбаваліся гэтай прыгажосцю і разам з Вясной вярнуліся на ладдзі дамоў.
Дзіяна КУЗЬМІЧ
Браслаўскі раён, Грытунская школа