Тады ішла вайна…
Конкурс «Чароўны куфэрак»
На дварэ лета. У вёсцы маленькі хлопчык гадоў шасці дапамагае бацькам па гаспадарцы. Аднойчы бацька аднекуль прынёс жолуд. Вечарам усёй сям’ёй яго пасадзілі ў полі за вёскай. Бацька сказаў сыну:
– Я спадзяюся, што калі-небудзь ён саслужыць табе добрую службу.
Прайшлі гады. Падрос малады дубок. Хлопчык стаў юнаком. Часта прыходзіў да дуба, любіў сядзець у цяньку пад ім.
22 чэрвеня 1941 года юнака разбудзіў гул матораў. Самалёты скідвалі бомбы. Загарэўся хлеў суседзяў. Пачуўся плач жанчын. Пачалася Вялікая Айчынная вайна…
Праз два дні юнак пайшоў на фронт. У баях ён страціў многіх таварышаў. Але вось Чырвоная Армія пачала наступленне. Рота, у якой служыў малады баец, дайшла да Беларусі. Як узрадаваўся ён, калі апынуўся побач з роднай вёскай! Вайна змяніла ўсё навокал.
Рыхтавалася аперацыя па вызваленні вёскі. Нашы салдаты здолелі выбіць немцаў з паселішча. Наш герой з шасцю таварышамі апынуўся на шляху адступлення ворагаў. Запас патронаў і гранат скончыўся. Ворагі заўважылі гэта і паспрабавалі ўзяць салдат у палон. І тут наш герой убачыў дуб. Той самы дуб, які ён пасадзіў з бацькамі ў дзяцінстве. Салдаты паўзком прабраліся да яго, і дуб сваім дужым ствалом захінуў іх. Ён як быццам казаў немцам: “Ідзіце прэч з беларускай зямлі! Не чапайце майго гаспадара!” Адзін з фашыстаў кінуў гранату…
Выбуховай хваляй салдат адкінула на некалькі метраў. Яны ўсе засталіся жывыя. Але на месцы вялікага магутнага дрэва дагараў пень. Коштам уласнага жыцця, нібы велічны воін, дуб выратаваў таго, хто яго пасадзіў.
Дзяніс Буторын, г.Мінск, гімназія № 1.