Вершы паэтаў-франтавікоў
Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: вершы паэтаў-франтавікоў
Пятро ГЛЕБКА
Свята Перамогі
Маленства радаснага час!
Сябры мае малыя!
Цяжкія мы прайшлі да вас
Дарогі баявыя.
Ад Сталінграда і Масквы
Да Вены і Берліна
Ішлі з баямі мы, каб вы
Валодалі краінай.
Суровым быў славуты шлях, –
Такіх няма на свеце.
І шмат загінула ў баях
За ваша шчасце, дзеці.
Паўлюк ПРАНУЗА
А чаму салдаты не заб’юць вайну?
Цень набег, як хмарка,
На Міколкаў твар.
Чуў ён: дзесьці войны
Смерць нясуць, пажар.
Запытаўся ў таты,
Лежачы без сну:
– А чаму салдаты
Не заб’юць вайну?
Пімен Панчанка
Горкая гордасць
Каралеўскімі замкамі
Ганарацца,
Саборамі.
Мы – зямлёй партызанскаю,
Перамогай над ворагам…
Наша горкая гордасць
Прасвятлее ў вяках.
Не скрышылі нас орды,
Не адолеў нас страх,
Ні трапічная парнасць,
Ні мароз невыносны…
Каралеўскія пальмы,
Партызанскія сосны.
Пятро ПРЫХОДЗЬКА
Зорная калыханка
Спі, засні, саколік!
Люлі-люлі-бай!
Ціха ў наваколлі,
Не гамоніць гай.
Вецер пад галінкі
Ўлёгся адпачыць.
Толькі наша, сынку,
Зорачка не спіць.
Тая, што ірдзее
Між усіх планет,
Светлаю надзеяй
Азарае свет.
Спі! Хай зорка свеціць,
Хай прысняцца сны,
Што нідзе на свеце
Больш няма вайны.
мало стихов
а так классно
спасибо
бред тежело запомнить