Як баброў у ваду загналі
Быў час, калі бабры жылі не на рэчках, як цяпер, а ў лясных лагчынах. І хаткі бабровыя не ў вадзе між чаратоў ды кустоўя хаваліся, а стаялі навідавоку і выглядалі як шалашы, прытуленыя да дрэў.
У спякотныя летнія дзянькі з самага ранку і да позняга вечара, калі ўжо на небе загараліся першыя зыркія зоркі, бабры пялёхкаліся ў рэчцы. А начаваць вярталіся ў свае ўтульныя лясныя хаткі. Можа, бабры і цяпер бы ў тых хатках жылі, а не ў вадзе плавалі, не вылазячы адтуль нават уначы.
Ды толькі аднойчы з’явіўся ў тых бабровых мясцінах чалавек. І пачаў ён паляваць на звяроў. Ды так іх ганяў па лесе, ажно галлё на некалькі вёрст наўкруг трашчала. То з аднаго боку лесу заходзіць, то з другога пераймае і гоніць звяроў у адваротным напрамку. А там, затаіўшыся ў аблозе, звяроў пільнавалі сябрукі паляўнічага. Вось і гойсалі зубры, мядзведзі, ласі, алені, дзікі ды іншыя прадстаўнікі звярынага царства туды-сюды па лесе, ратуючыся ад заўчаснай згубы. А калі за табой гоняцца, дзе ўжо там выбіраць пратаптаныя сцежкі-дарожкі! Тады ляціш стрымгалоў, не азіраючыся вакол сябе, абы толькі хутчэй ды далей ад бяды.
Даючы лататы ад паляўнічых, вялікія звяры неаднойчы натыкаліся на бабровыя хаткі, што раз-пораз трапляліся на іх шляху. Было, што і збочвалі, аббягаючы, а здаралася, паляўнічыя так насядалі на пяткі, што звяры, ратуючыся ад іх, ляцелі, нічога перад сабой не бачачы, на злом галавы, напралом.
Уроскід ляцелі і бабровыя хаткі. Напачатку бабры збіралі бязладна раскінутае бярвенне і акуратна – за бярвенцам бярвенца – ладкавалі зруб наноў. Толькі праца тая была марная, бо праз дзень-другі пры наступным паляванні ўсё паўтаралася, і бабрам даводзілася ў чарговы раз адбудоўваць сваё разбуранае жытло.
У рэшце рэшт бабрам надакучыла такое жыццё, і вырашылі яны падацца бліжэй да вады. А каб не рызыкаваць, пачалі будаваць свае хаткі нават не на сухіх берагах рэк, а ў самой вадзе, куды ні звяры, ні людзі не сунуцца.
З таго часу бабры там і асталяваліся. І ніколькі не шкадуюць, бо калі хто і трывожыць іх спакой, то гэта рыбы. Але ж, якімі б вялікімі рыбы ні былі, для баброў яны не тояць аніякай небяспекі.
Анатоль ЗЭКАЎ