Дарога
Максімка з татам сабраліся ў суседнюю вёску – праведаць бабулю з дзядулем. Купілі гасцінцаў і раніцай пакрочылі на аўтобусны прыпынак. Селі на лаву, чакаюць. Аўтобуса ўсё няма. Можа, зламаўся? Тата, пачакаўшы трохі, прапанаваў:
– А давай, Максім, пехам пойдзем. Што нам той аўтобус!
Хлопчык насупіўся:
– Я пехам не хачу. Гэта ж няблізка. Ды і навошта тады аўтобус прыдумалі?
– Бачыш: няма яго, аўтобуса, – развёў рукамі тата.
– Лепш пачакаем, – Максімка, седзячы на лаве, боўтаў нагамі. – А то пойдзем, а ён нас дагоніць. Тады крыўдна будзе. Ішлі, ішлі, і ўсё дарэмна…
Тата не стаў пярэчыць. Сядзяць, чакаюць. І размаўляць быццам няма пра што. Усё ж тата не вытрымаў, першы ўзняўся з лавы:
– Аўтобуса, відаць, сёння не будзе. Але ж ты лянуешся ісці да дзядулі з бабуляй, то заставайся дома, а я пайду адзін. Добра?
– Не, хадзем, тата, разам, – пагадзіўся хлопчык і хуценька ўскочыў з лавы: ён ужо засумаваў па бабулі з дзядулем.
Сын і бацька, узяўшыся за рукі, крочылі па дарозе, а яна шэрай стужкай бегла і бегла наперад. Свяціла сонейка, твары абвяваў свежы ветрык, а ў небе пырхаў жаўрук і, здавалася, радуючыся людзям, пасылаў ім з неба сваю песню.
– Гэта ён нас хваліць, што пешшу ідзём, – заўважыў тата.
Максімка памахаў жаўруку і гучна сказаў:
– Дзякуй табе, птушачка!
Прайшлі яшчэ трохі полем, і дарога нырнула ў лес. Тата запаволіў хаду, паглядзеў на сына:
– Чуеш? Гэта дзяцел тукае: тук-тук-тук! А чаму ён так тукае, ведаеш?
Максімка паціснуў плячыма:
– Забаўляецца, мусіць?
– Не, сынку: гэта ён корм сабе і сваім дзеткам здабывае. Пад карой у старых дрэў шмат розных казюрак жыве, вось ён і дастае іх. Працавітая птушка дзяцел. Ён не толькі корм здабывае – і лес ратуе ад розных караедаў.
Перад крынічкай спыніліся, напіліся халоднай, як лёд, вады. Крышачку адпачылі і пайшлі далей.
– А вунь, бачыш, ямы, – паказаў тата на акопы, што зараслі ўжо густым кустоўем. – Іх нашы салдаты ў вайну капалі, калі займалі тут абарону, каб вораг не прайшоў у нашу вёску.
– І не пусцілі? – зацікавіўся Максімка.
– І не пусцілі, – упэўнена сказаў тата. – Бачыш, наша вёска жыве… А маглі б і спаліць яе немцы. Тады і мы не жылі б тут. Трэба дзякуй сказаць салдатам.
Хлопчык ледзь чутна прашаптаў:
– Дзякуй… – і падаў тату руку: з ім нястрашна.
А потым закувала зязюля: “Ку-ку! Ку-ку! Ку-ку!” Тата папрасіў Максімку, каб той лічыў, колькі разоў пракукуе птушка. Максімка лічыў, лічыў… і збіўся.
– Ну, і колькі ж? – спытаў тата.
Хлопчык развёў рукамі, а потым знайшоўся:
– Багата разоў!
Тата ўсміхнуўся:
– Значыць, у нас з табой наперадзе яшчэ ўсё жыццё. Калі зязюля накувала нам шмат год.
Амаль каля самай дарогі яны ўбачылі сунічную палянку. Ягад было столькі, што яны і самі наеліся, і для бабулі з дзядулем назбіралі.
Перад самай вёскай Максімку з татам дагнаў аўтобус. Шафёр прытармазіў, вызірнуў з акенца і кіўнуў галавой: “Залазьце, пешаходы!”
– Дзякуй, мы ўжо прыйшлі, – адказаў яму тата.
– Матор закапрызіў, – быццам апраўдваўся шафёр перад хлопчыкам і ягоным татам. – Давялося падлячыць яго. Спазняцца больш не будзем.
І націснуў на газ. Але Максімка зусім не шкадаваў, што пешшу прыйшоў да бабулі з дзядулем. Якая, аказваецца, цікавая гэтая дарога!
Васіль Ткачоў