Вершы Уладзіміра Скарынкiна
Згукі вясны
У зялёныя абновы
Апрануліся лясы.
Абуджаюць бор сасновы
Зноўку птушак галасы.
Велізарны, як арол,
Цецярук зляцеў на дол
І балбоча лесарубу,
Што прысеў на пень:
– Здымі шубу! Здымі шубу!
Балахон надзень!
Асцярожная варона
Каркае з вяршыні клёна:
– У Карыны ў краме скралі
Ўсе карункі і каралі.
І сарока, што скрадала
Бранзалеты і ключы,
На сасне прасакатала:
– Ім за гэта чы-чы-чы!
А сінічкі, што над гаем,
Пырхалі каля шашы,
Нагадалі аратаям,
Каб тачылі лемяшы.
Арцём
Вам, вядома, невядома
Анічога пра Арцёма,
Хто ён, што ён і чаму
Я зайздрошчу так яму.
Наш Арцём хлапчук свавольны,
Ды яму хакей настольны
Родны брат падараваў
І электрыфікаваў.
І калі жаданай мэты
Дасягае нечы ўдар,
За варотамі ў час гэты
Загараецца ліхтар.
Пачынае ззяць праменна
Іграка чало –
І мяняецца імгненна
Лічба на табло.
І таму люблю, вядома,
Я прыходзіць да Арцёма.
Вёска каляровых сноў
Завушніцай ззяе месяц
Над аціхлаю ракой.
З залатых каўшоў мядзведзіц
Льецца зорны сырадой.
Між блакітных туманоў
Засынае вёска Сноў.
Быццам райскіх птушак пёры,
Хмаркі лёгкія плывуць.
Там, напэўна, фантазёры
І рамантыкі жывуць.
І заўсёды бачаць сны
Каляровыя яны.
Рабінзоны і пілоты
Ўсім дзяўчынкам сняцца там.
Папялушкі, самалёты
І ракеты –хлапчукам.
Свой квяцісты парасон
Зноў раскрыў над імі сон.
Сіні змрок ахутаў пушчы,
Гаснуць у дамах агні,
Вочы, дзетухна, заплюшчы,
Супакойся і засні.
Хай табе прысніцца зноў
Вёска каляровых сноў.