Крышку пра кніжку
Падчас летніх канікулаў не трэба забываць і пра чытанне. Тым больш, цікавых кніг апошнім часам выйшла нямала. Але ва ўсёй іх разнастайнасці нельга абмінуць зборнік казак, апавяданняў і вершаў Анатоля Зэкава “Як Гаўка ў космас збіраўся”, што пабачыў свет у “Выдавецкім доме “Звязда”.
Кніга прыйдзецца даспадобы ўсім! Займальныя казкі распавядуць вам пра незвычайнае сяброўства Зайкі і Яблыні, а таксама адкрыюць ваенную тайну Гаўкі і Мяўкі. У героях апавяданняў і вясёлых, а часам кранальных мініяцюр вы, несумненна, пазнаеце саміх сябе. Вершы Анатоля Зэкава, сабраныя ў кнізе, вельмі запамінальныя і добрыя. Яны парадуюць незвычайнымі вобразамі, моўнымі знаходкамі. Палюбяць кнігу “Як Гаўка ў космас збіраўся” і аматары галаваломак, бо ў ёй шмат загадак, вершаваных матэматычных задачак, небылічак і скорагаворак. Упрыгожваюць выданне мілыя і пацешныя ілюстрацыі мастачкі Святланы Стахоўскай.
Анатоль Зэкаў разам з “Вясёлкай” абвяшчаюць конкурс. Прачытайце кнігу “Як Гаўка ў космас збіраўся”, выпішыце імёны ўсіх дзяўчынак і хлопчыкаў, якія згадваюцца ў ёй і дашліце іх на адрас рэдакцыі або на электронную пошту vyaselka2011@yandex.ru. Два аўтары самых поўных спісаў атрымаюць у падарунак кнігі Анатоля Зэкава з аўтографам.
Святлана БОГУШ