Як звяры ў кіно хадзілі
На вялікай паляне зрабілі лясныя звяры ўтульную кіназалу. Паміж дзвюх вялізных соснаў нацягнулі прасціну, і механік-лось круціў самыя цікавыя стужкі.
На паляне збіраліся звяры з усяго лесу. І нават пералётныя качкі часта апускаліся тут на адпачынак. Побач сядзелі Воўк і Заяц, Сава і Мыш, Ліса і Вавёрка… Але ніхто нікога не чапаў, таму што ў першы дзень працы кіназалы ўстаў Мядзведзь і сказаў:
– На гэтай паляне ніхто нікога крыўдзіць не павінен, – потым падумаў і дадаў: – І на кіламетр ад паляны таксама. А хто не паслухае, будзе мець справу са мной.
Мядзведзя ў лесе паважалі і баяліся. Але не ўсім падабаліся такія парадкі. І вось аднойчы перад сеансам падышла Ліса да Ваўка.
– Зусім распусцілася гэта тройца: Вавёрка, Заяц ды Вожык. Трэба іх правучыць!
– Як жа гэта зрабіць? – задумаўся Воўк. – З Мядзведзем не пажартуеш. У кіно ён іх схапіць не дазволіць. А ў лесе Вавёрка на дрэва скочыць, Вожык у клубок скруціцца, а Заяц хутчэй за нас бегае.
– Ёсць адно месца, дзе гэтых нахабнікаў злавіць можна – масток праз рэчку. Ім яго не абмінуць. А плаваць толькі Вожык умее.
Кіно яшчэ не скончылася, як Ліса з Ваўком цішком пакінулі паляну. Прыбеглі да мастка і схаваліся пад ім.
Сябры пасля кінафільма няспешна ішлі дадому і весела абмяркоўвалі прыгоды Зайца, які перамагаў злога і нахабнага Ваўка. Вось нарэшце і рачулка.
Толькі апынуліся сябры на сярэдзіне моста, як тут жа з’явілася Ліса.
–Хадзіце хутчэй сюды, даўно вас чакаю!
Азірнуліся звяркі, а з другога боку Воўк на мост ускоквае. Разгубіліся сябры, не ведаюць, як ратавацца. Першым спахапіўся Вожык і закрычаў Зайцу:
– Кідай мяне ў Ваўка! Я згарнуся ў клубок.
Заяц адразу зразумеў, што рабіць. Схапіў ён скручанага ў клубок Вожыка і з ўсей моцы шпурнуў у Ваўка. Проста ў пысу яму трапіў. Заенчыў, закрычаў Воўк ад болю, замахаў лапамі і зваліўся разам з Вожыкам у ваду. Зразумела Ліса, што яе драпежны план правальваецца, кінулася на звяркоў, ды позна. Тыя збеглі з мастка і схаваліся, хто дзе.
А ўвечары сябры сабраліся ў доме Зайца. Вожык прынёс гаючую мазь і нацёр Зайцу лапы: ён жа пакалоўся ад яго. А Вавёрка пачаставала малінавым варэннем. Вось і пілі яны салодкую гарбату і весела ўспоміналі свае прыгоды.
Алег МЕЛЬНІКАЎ