Хомка і госці
Хомка – французскі бульдог, які жыве ў сям’і паэта і натхняе яго на вясёлыя творы.
Ромка зваў у госці Томку.
Томка ж думала пра Хомку;
Ёй хацелася, каб Хомка
Зваў у госці, а не Ромка.
Хомка гэтак жа, як з Томкай,
Шчыра сябраваў і з Ромкам,
І таму паклікаў Хомка
Ромку ў госці разам з Томкай.
Хомка і Дзюма
Прачытаў Хама Дзюма
Кніжкі тры, не болей,
І падумаў так Хама,
Гледзячы на столю:
“От закручвае пісьменнік,
Што забыў я і пра сон…
І пяро ў яго – не венік,
Не мяце, а піша ён!
Кожным вобразам-узорам
Так чароўна ахіне,
Што зрабіцца мушкецёрам
Захацелася і мне!”
І сабою вельмі горды,
Хомка стаў шукаць кругом
Шпагу, дзягу і батфорты,
Ну і капялюш з пяром.
Хомка і хлопчык
Бедны хлопчык аж заплакаў,
З класа вылецеўшы вон,
Бо заместа Ракаў Кракаў
Напісаў у сшытку ён.
Да вучобы вельмі здатны
Хлапчанятка гэты быў;
Не, не круглы ён выдатнік,
Ды памылак не рабіў.
Але ў сённяшняй дыктоўцы
Ракаў пішучы, рука
Схібіла, і ў гэтым слоўцы
Спераду прыліпла К!
От і выйшла: родны Ракаў
(Як прыліпла тая К)
І не Ракаў стаў, а Кракаў…
Вельмі шкода хлапчука!
Хомка так сказаў малому
Ад усёй сваёй душы:
“Ты не плач, ідзі дадому,
Лішніх літар не пішы!”
Хомка і асветар
Навіна прыйшла на сайт:
“Компік Хомкі, ажно дзіўна,
Мае восем гігабайт
Памяці аператыўнай!”
Хомку мову заняло,
А пасля як затанцуе!
Словам, радасна было
Навіну чытаць такую!
Цэлых восем гігабайт!
Доступ скрозь, усюды вольны…
За такую вестку, сайт,
Хомка наш удзячны вельмі…
З’еўшы корму сухама,
Прагна піў ваду Хама
І ўздыхнуў раптоўна гэтак:
“Пішуць компік – не асветар!
А шкада, што пішуць так…
Слова ж роднае асветар
Набліжае, як-ніяк,
І да свету, і асветы…”
Леанід Дранько-Майсюк