Віні-Пух
Казачны год разам з “Вясёлкай”
Віні-Пух – мілы, дабрадушны і вельмі пацешны мядзведзік, якога ведаюць усе. А прыдумаў яго англійскі пісьменнік Алан Аляксандр Мілн. Першая кніга пра прыгоды Віні выйшла ў 1926 годзе. Яна так і называлася – “Віні-Пух”. Праз два гады пабачыў свет працяг аповесці – “Пухаў закуток”. Неўзабаве кнігі пра мядзведзіка былі перакладзены на многія мовы, а Віні-Пух стаў адным з самых любімых казачных герояў у свеце. Натхніў жа пісьменніка на твор сын Крыстафер Робін, які і сам стаў адным з персанажаў аповесцей.
Якіх герояў кніг Алана Аляксандра Мілна вы ведаеце? Хто з іх вам найбольш сімпатычны? Прыгадайце, якія героі не трапілі ў мультфільмы пра Віні-Пуха Фёдара Хітрука, але ёсць у кнігах і мультфільмах студыі Дыснея? Якія эпізоды аповесцей пра казачнага мядзведзіка вам падабаюцца найбольш? Дасылайце свае адказы на адрас рэдакцыі або на электронную пошту vyaselka2011@yandex.ru. Аўтары самых цікавых лістоў атрымаюць падарункі.
Вася ВЯСЁЛКІН