У вянок памяці паэта Рыгора Барадуліна
Як стаў заяц даўгавухі
Абганяе ўласны цень,
Скача зайчык праз асіннік.
Сёння ж незвычайны дзень,
Сёння зайка –
Імяніннік!
На стале ўсялякіх страў
Густа,
Кожнаму па густу,
Піражкі з грыбоў
Ды з траў.
І вядома што –
Капуста!
Госці ў зборы ўсе даўно.
Тут сябры,
Радня,
Суседзі.
Ды мядзведзя
Не відно.
Госць галодны ўрэшце едзе!
Ледзь аддыхаўся мядзведзь:
– Цяжка ўсюды мне паспець…
Першы
Пацягнуць я мушу
Імянінніка за вушы!
Лапаю ўхапіў як след –/
Зайку стаў
Нямілы свет.
Жартаваць мядзведзь ахвочы,
Зычыць,
Каб вялікі рос./
На ілбе
У зайкі вочы.
Ні да смеху,
Ні да слёз…
Заяц,
Знаеце вы самі,
Зараз з доўгімі вушамі.
З той пары
Ўвесь род зайчыны
Не святкуе імяніны.
Колькі кошак у кашы?
Берагам ішоў Цімошак,
Нёс лазовы цяжкі кошык.
Варушыўся дужа кошык –
Там сядзела многа кошак.
Адпачыць прылёг Цімошак,
Задрамаў –
Раскрыўся кошык.
Кошкі хітрыя паволі
Разбрыліся ўсе па волі.
Кошка першая пайшла
Частавацца да бусла.
Пачастунак дужа слабы –
Не да смаку кошцы жабы.
А другая кошка Мурка
З вераб’ём гуляла ў жмуркі.
Дзве схаваліся за горкай,
Дзве сачылі за вавёркай,
Дзве ўцякалі ад ваўкоў,
Хвост на плечы – і дамоў!
Спаў Цімошак да цямна,
Засталася з ім адна.
Ты падумай і скажы,
Колькі кошак у кашы?
Рыгор БАРАДУЛІН
Рыгор БАРАДУЛІН (24.02.1935 – 02.03.2014) – Народны паэт Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Яго творы друкаваліся на старонках “Вясёлкі” з 1959 года. Паэт быў сапраўдным чараўніком беларускага слова, любіў і вельмі адчуваў яго. Кожная кніга Рыгора Іванавіча Барадуліна сведчыць пра гэта. Перачытайце іх яшчэ раз: “Што было б тады, калі б?”, “Ці пазяхае бегемот?”, “Індыкала-кудыкала”, “Кобра ў торбе” і многія іншыя.