Як звяры сталі будаўнікамі
Вось дык з’ява! Вось дык з’ява!
На сасне вісіць аб’ява:
“Паважаныя сябры!
Хто ў бары і не ў бары!
Заўтра просім на палянку
Вас усіх з’явіцца зранку!
Нечакана, з Мінска прама,
Паступіла тэлеграма!
Воўк адказвае за збор!..”
Подпіс: “Заяц і Бабёр!”
Тэлеграма! Тэлеграма!
Едуць дзеці з Мінска прама…
І сказаў Мядзведзь:
– Прывецім!
Пабудуем хатку дзецям.
Дзе шумелі ўчора травы –
Гліна, дошкі, нават гравій!
Барсукі нясуць бярвенне –
Вось здзіўленне, дык здзіўленне!
Як пазнаеш тут мясцовасць?
На палянцы – зруб сасновы!
І на зрубе тым сасновым –
Воўк у кепцы адмысловай!
Падаюць яму цвікі
Тры старанныя дзікі.
Бы вагоны, возяць дошкі,
На сабе сараканожкі.
Тут жа іх Бабёр пілуе,
А Мядзведзь стары габлюе,
Спраўнай цешацца работай
Два маленькія яноты.
А ласі, узняўшы рогі,
Чысцяць сцежкі і дарогі…
Чысцяць, чысцяць і грабуць, –
Хутка ж дзеці будуць тут!
Зайчанятак просіць мама
Памагчы паднесці рамы!
Вокны Заяц устаўляе,
Гэта праца – не малая!
Вось работа, дык работа!
Зверу кожнаму ў ахвоту!
Раіса БАРАВІКОВА