Дом каля возера
Жылі-былі на свеце хлопчык Ян і дзяўчынка Аля. Ян вучыўся ў школе, быў выдатнікам, асабліва ж любіў гісторыю. Аля ў школу яшчэ не хадзіла. Жылі яны ў новым доме, які нядаўна набыў тата, на беразе возера Міт. Побач з домам месціўся склеп, на дзвярах якога тата павесіў замок.
Аднойчы бацькі паехалі па справах у горад, а дзеці адправіліся гуляць па доме. На вочы ім трапіўся ключ ад склепа. Ян адамкнуў замок і, загадаўшы сястры пачакаць каля ўваходу, спусціўся ўніз. На адной сцяне склепа хлопчык убачыў дзверы, зарослыя павуціннем, а побач – ахапак сена, пакінуты, відаць, ранейшымі гаспадарамі дома. Ян крыху пакуляўся на сене, потым вырашыў адчыніць дзверы. Пацягнуў клямку на сябе, але дзверы не паддаліся. Тады хлопчык штурхнуў іх наперад, і яны лёгка расчыніліся.
Раптам пачуўся свіст. Нейкая сіла падхапіла Яна і панесла наперад. Перапалоханы хлопчык нават знепрытомнеў. А калі ачнуўся, то ўбачыў сябе ў нейкай зале каля трона, на якім сядзеў вяльможа ў княжай кароне. Побач стаяў чалавек у чорным каўпаку з залатымі зоркамі.
– Ты адкуль? – сурова звярнуўся вяльможа да Яна.
– Я жыву ў доме каля возера Міт… – пачаў тлумачыць Ян.
– На возеры Міт стаіць толькі мой замак, і на дзясятак вёрст няма ніякага жытла!.. – перапыніў яго вяльможа. – Кажы праўду, хто цябе падаслаў? Ты ў замку вялікага князя Віценя, які не церпіць хлусні!
І тут Ян зразумеў, што дзверы ў склепе, якія ён неабачліва адчыніў, былі дзвярыма ў мінулае. Ад страху ён на імгненне страціў дар мовы. Што ж цяпер з ім будзе?!
– Маўчыш?.. Кіньце яго ў падзямелле! Гэта, відаць, шпіён крыжацкага караля, – прамовіў князь, звяртаючыся да варты.
– Ваша высокасць, адно пытанне, –урэшце здолеў вымавіць Ян. – Які цяпер год?
– 1314 год, і што з гэтага?
– Я трапіў да вас з 2014 года!..
– Дык ты яшчэ і вар’ят!..
Але тут умяшаўся чалавек у каўпаку – прыдворны астролаг:
– Дазвольце, ваша высокасць, тое-сёе спытаць у хлапчука.
– Пытайся!..
– Калі ты з будучыні, то мусіш ведаць, што чакае нас, да прыкладу, заўтра – 12 чэрвеня 1314 года!
Ян пачаў ліхаманкава прыгадваць, што яны праходзілі па гісторыі часоў князя Віценя. Як на злосць, нічога не згадвалася. Але раптам у памяці маланкай мільганула: нядаўна настаўнік на ўроку расказваў акурат пра 12 чэрвеня 1314 года! У ноч на гэты дзень крыжацкі кароль знянацку напаў на замак на возеры Міт і знішчыў яго!
– Што ж, слухайце! Не заўтра, а сёння ўночы да вас з’явяцца няпрошаныя госці. Калі не сустрэнеце іх як след, то ніхто з вас не ацалее!..
– Ваша высокасць, – павярнуўся астролаг да князя, – па ўсім відаць, што гэты малец не хлусіць.
Абаронцы замка тэрмінова пачалі ладзіць засаду. І калі пасля поўначы крыжакі напалі на замак, іх дружна сустрэлі дзіды, мячы і стрэлы вояў Віценя…
Пасля бою Яна зноў прывялі да князя.
– Ты выратаваў нам жыццё, – сказаў Віцень. – За гэта я ўзнагароджу цябе.
І князь сам павесіў Яну на шыю ордэн на прыгожай чырвонай з золатам стужцы.
– І ад мяне падарунак, – сказаў астролаг. – Я дапамагу табе вярнуцца ў ваш час.
Ён дастаў дзве палачкі, пацёр іх адна аб адну, нешта пашаптаў і…
У той жа момант Ян зноў убачыў сябе ў склепе, каля таямнічых дзвярэй, на ахапку сена. Дзверы былі зачыненыя, на іх вісела некранутае павуцінне, быццам тыя дзверы ніколі не адчыняліся. Хлопчык зірнуў на свае грудзі – там не было ніякага ордэна, і ён усміхнуўся. Ці не прымроілася яму гэта быль пра замак? Ці не пабываў ён зноў на любімым уроку па гісторыі?
Калі Ян вылез са склепа на сонейка, то Аля вельмі ўзрадавалася. Яна ўжо пачала хвалявацца за брата.
Алесь Гібок-Гібкоўскі