Твая зямля
Среда, 2.07.2014 07:45. Рубрика: Вершы
Акопы, ямы, дол парваны
Перада мной, перад табой.
Зямля травою лечыць раны,
Травой, травой.
Травой бінтуе і сшывае,
Зялёныя гусцеюць швы.
Пакуль зямля твая жывая,
І ты – жывы.
Сваёю ж роднай назавеш ты,
Калі ў спякоце і расе
Табой пасеянае нешта
На ёй расце…
Аляксей ПЫСІН
Аляксей ПЫСІН (22.03.1920 – 27.08.1981) – беларускі пісьменнік. Для дзяцей напісаў кнігі “Матылёчкі-матылі”, “Вясёлка над плёсам”, “Кавылёк”, “Колькі сонцаў!” і іншыя.