Падарунак бусям ад Ягусі
Бабуся Ягуся вырашыла падахвоціць вас да творчай працы і ўзяць пад свой асабісты кантроль усё, што ў нашай рубрыцы дзеецца.
– Малавата заданняў дзецям далі, – абвясціла яна аднойчы праз тэлефон. – Трэба, каб яны ў “Бусю” казку склалі, для самых маленькіх! І каб я там абавязкова галоўнай гераіняй была! І каб ні ў якім разе Піліпка-сынок ад мяне не ўцёк, і я яго абавязкова з’ем!
Авохці! Як стрымаць гэтую казачную актывістку? На маё шчасце, якраз у гэты момант на сувязь выйшаў казачнік Бай.
– Цудоўная ідэя, спадарыня Яга! – мякка зазначыў ён. – Але надзвычай адказная, бо маленькія дзеці казку ўспрымаюць як жыццё. Таму казкі для іх маюць асаблівыя правілы.
– Што, павінны абавязкова пачынацца са словаў “Бегаў Бай па сцяне”? – з’едліва ўдакладніла Баба Яга.
– Пачынацца можа і па-іншаму. Але Піліпку ў такой казцы вам, спадарыня, з’есці не дазволяць. І не марце! Скончыць казку для маленькіх давядзецца так, каб усе мары галоўнага героя здзейсніліся, каб усе, каму патрэбна была дапамога, атрымалі яе і жылі доўга, шчасліва!
– Тады, можа, дзеці захочуць напісаць пра тое, як я была маленькай? – сказала Баба Яга.
– А спадарыня была маленькай? – шчыра здзівіўся Бай. – Ні ў якай казцы пра гэта не чытаў!
– Ну так! Проста гэта было так даўно, што ніводная казка пра тую пару згадаць не можа! Але ж я была маленькай! І страшна непаслухмянай! Не чысціла зубы! Не мыла ногі! Не расчэсвала валасы! І ўрэшце стала такой, як ёсць! – з гонарам прамовіла Яга.
– О, шаноўная, дык вы ганарыцеся адсутнасцю зубоў, валасоў і сваёй касцяной нагой, заробленых праз неахайны лад жыцця? – удакладніў Бай. – Вось каб вам на добрыя казкі ў дзяцінстве пашчасціла, вы б, спадарыня, і па сёння былі б маладой і гожай!
– І якія гэта я павінна слухаць казкі? – вышчарылася Бабуся Ягуся.
– Ёсць казкі, з дапамогай якіх можна выпраўляць паводзіны дзіцяці. Напрыклад, для грубіяна і капрызулі можна скласці казку, дзе галоўны герой будзе грубым і капрызлівым, але ж абавязкова выправіцца. Казка дапамагае маленькім супакоіцца, заснуць, пазбаўляе страхаў…
– О, калі казка пра страхі, то я там павінна быць! – ажывілася Баба Яга. –Толькі дзіця засынаць, а я як выскачу!
– Ну вось, зноў вы ўсё перайначылі! – запярэчыў Бай. – У казках для малых дзеці не запалохваюцца! Напрыклад, калі дзіця баіцца цемры, складзіце казку, у якой герой трапляе, скажам, у цёмны лес, і яму мрояцца розныя здані. Але з’яўляецца збаўца, асвятляе ліхтаром цемру і выяўляе, што сапраўдных страхаў і не было, усё надуманае…
– Ну-ну! Паслухаць казачніка Бая, дык, апроч яго, усё ў казках – надуманае! Але ж во я – ёсць! – настойвала Баба Яга. – Што рабіць са мной?!
– Вы, спадарыня, выдатна падыходзіце на ролю адмоўнага персанажа, які ўсім перашкаджае, але ўрэшце будзе пакараны. Ну, альбо злодзею давядзецца выправіцца ці знікнуць – такое правіла ў казках для маленькіх.
– Ну і зануда ж ты, казачнік Бай! – не вытрывала Баба Яга. – Слова ўставіць няма як! Можа, і я што магу падказаць – як-ніяк не першы дзень на свеце жыву! Магу і мудрай быць!
– Даруйце, Бабуся Ягуся! – сумеўся Бай. – Слухаем вашы рэкамендацыі!
– Галоўных герояў у казках для малых можна назваць імёнамі хлопчыкаў і дзяўчынак, якім казкі расказваюцца! Яшчэ можна абраць героем сімпатычную жывёліну! Ці прыдумаць мілае стварэнне! Даць ім простыя, але адметныя імёны! Стварыць героям складанасці – няхай выяўляюць свае спрыт і выдумку, ды так, каб захапляльна было! Расказвайце казку простай мовай – каб разумелі вас! Фу! – на адным дыханні адрапартавала Бабуся Ягуся.
– Ого, якая дасведчаная спадарыня! – ухваліў казачнік Бай. – Не здзіўлюся, дазнаўшыся, што вы самі ўзяліся складаць казкі!
– Эх, што і казаць! – уздыхнула Ягуся. – Жыццё пражыла доўгае. Пахуліганіла ўдосталь! Але ўсё часцей, гледзячы на сваю касцяную нагу, думаю, ці правільна жыла?.. Вось і надумала праз казкі вашых бусек выхоўваць. У тым ліку на сваіх памылках.
– А я вось слухаю і дзіўлюся – якія задумы талковыя спадарыня мае! – ухваліў Бай. – Можна абвясціць наступнае заданне: пішам казкі для чытачоў “Вясёлкі” і “Бусі”. Чакаем!
Алена Масла