Хмара, Хмарык і Хмарка
Стомленая цёмна-сіняя Хмара паволі плыла па небе. З двух бакоў яе падтрымлівалі любімыя дзеці – сын Хмарык і дачка Хмарка. Яны вельмі любілі сваю маму і заўсёды ў дарозе ёй дапамагалі.
Было бязветрана. Дзеці-хмаркі стаміліся ад доўгай дарогі па небе. Яны звярнуліся да мамы-Хмары:
– Дарагая матуля! Адпусці нас ад сябе ненадоўга, нам так хочацца пагуляць, пагарэзнічаць, павесяліцца. Надакучыла рухацца ў адным кірунку. Мы будзем паблізу і нікуды ад цябе не сыдзем. Абяцаем!
– Дзеткі мае харошыя! Я згодна, ды баюся, што раптам падзьме моцны сустрэчны Вецер. Ён адарве вас, і не пад сілу будзе вам дагнаць мяне. Хутчэй за ўсё, паплывяце па небе самі…
– Не хвалюйся, матулечка! Ветру ж няма, мы будзем побач з табой…
І Хмара дазволіла ім пагарэзнічаць.
Брат і сястра ўзрадаваліся волі. Яны то ўзнімаліся вышэй і вышэй, то апускаліся ўніз, пераганялі адно аднаго. Вельмі ім было хораша і весела, ды і маці цешылася іх забавам і цудоўнаму настрою.
Але гэтая іх агульная радасць нечакана абарвалася: раптам яны адчулі павеў ветру і насцярожыліся. Ім ужо не хацелася гуляць. Вецер набіраў сілу і стаў дзьмуць мацней. Дзеці ўсхваляваліся і спалохаліся, што зараз ён назаўжды разлучыць іх з маці. Занепакоілася і мама:
– Дзетачкі мае! Хутчэй даганяйце мяне! Вам пагражае бяда!
– Але ж мы і так стараемся! Ды Вецер нас адганяе ад цябе і перашкаджае наблізіцца. Дапамажы нам! Выратуй нас, матуля!
І маці зразумела, што ёй і дзецям не справіцца з Ветрам. Тады яна вырашыла звярнуцца да яго з просьбай:
– Ах, Вецер! Ты мой заўсёдны спадарожнік! Часта падганяеш мяне. Сёння дзьмеш мне насустрач і разлучаеш мяне з дзеткамі – Хмаркай і Хмарыкам. Калі ласка, адпачні крыху, не дзьмі болей, і мае дзеткі змогуць да мяне далучыцца.
– Што ж, – загудзеў у адказ Вецер, – мы з табой сапраўды даўнія сябры. Я адпачну, няхай твае дзеткі даганяюць цябе. Вы ж адна сям’я…
– Дзякуй, Вецер! – радасна ўсклікнула Хмара.
– Дзякуй табе, наш добры Вецер! – пракрычалі і яе дзеці, якія ўжо дагналі маці.
І ўсе разам павольна паплылі па небе. Унізе пад імі мяняліся краявіды: рэкі, азёры, сады і лугі. Але вось у адным месцы Хмарык і Хмарка прыкмецілі перасохлую зямлю, убачылі, як людзі носяць ваду ў вёдрах і старанна паліваюць агароды, ратуючы свой ураджай. Хмаркі папрасілі маму:
– Дапамажы, калі ласка, тым людзям, пашлі ім дожджык.
– Добра. Я вельмі рада, што ў вас чулыя сэрцы, – сказала мама Хмара.
І зараз жа кроплі дажджу з шумам паліліся на зямлю. Людзі радаваліся, усміхаліся. А дзяўчынкі і хлопчыкі нават не хаваліся ад яго – наадварот, падстаўлялі пад кроплі далонькі, радасна скакалі па лужынах. Потым памахалі Хмары і яе дзеткам:
– Дзякуй вам за дождж!
А Хмара, Хмарык і Хмарка рухаліся далей звыклым нябесным маршрутам…
Ніна САКАЛОВА