Мех золата
З новай аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Аднойчы ў клас на ўроку беларускай літаратуры зайшоў Казачнік і спытаў:
– Хто з вучняў любіць слухаць і чытаць казкі?
Усе паднялі рукі.
– А хто з вас умее складваць, прыдумляць казкі?
Угору падняліся толькі дзве рукі.
– Хочаце, я вас навучу пісаць казкі? – прапанаваў Казачнік.
Усе зашумелі:
– Хочам, хочам!.. Навучыце!
– Тады пачынаем, – загадкава падміргнуў Казачнік і таямніча азірнуўся наўкол. – А што, калі нам прыдумаць казку пра вось гэта крэсла?
Казачнік узяў крэсла, у якім звычайна сядзіць настаўнік, паставіў яго перад сабой і пачаў сваю прыдумку:
– Жыло-было крэсла ў трэцім “А” класе. Аднойчы прышоў і сеў у яго…
Казачнік папрасіў падняцца з-за першай парты русявага хлопчыка і сесці ў крэсла. У адзін міг ён даведаўся, што вучня завуць Толік, і працягнуў казку:
– Як бачыце, крэсла было звычайнае, а стала казачным. Толік быў проста ваш сябар, а цяпер ён – герой казкі. Давайце павітаем яго!
Клас зашумеў. Пачуліся апладысменты. Асабліва радавался Алеся. Ёй даўно падабаўся аднакласнік Толік. А ж во ён яшчэ і герой казкі. Крута!
Казачнік таксама задаволены, бо ў класе не засталося раўнадушных. Усе пачалі думаць, што ж будзе далей.
– У нас ёсць казачнае крэсла. Мы маем свайго героя. Цяпер павінна нешта здарыцца, – Казачнік перахапіў устрывожаны позірк Толіка і супакоіў яго: – Не палохайся. Усё будзе добра.
А ў класе ўжо нараджаліся прапановы:
– Хай Толік з крэслам паляцяць у космас.
– Хай крэсла стане тронам, а Толік у ім будзе царом…
Казачнік паверыў, што яго акружаюць фантазёры, і павярнуў сваю прыдумку ў зусім нечаканым кірунку.
– А давайце ўявім, што крэсла з Толікам раптам апусцілася ў падзямелле. Па глыбокіх таямнічых хадах Толік апынуўся пад старажытным замкам і знайшоў там… мех золата.
Клас ахнуў: “Ух ты!..”
Казачнік перачакаў, пакуль сцішацца эмоцыі вучняў, і спытаў у героя казкі:
– Толік, што будзеш рабіць з багатай знаходкай?
Толік аж пачырванеў ад нечаканасці. Ліхаманкава думаў і ўрэшце сказаў:
– Аддам золата ўсім старым людзям, каб не хварэлі. І дзядулю свайму дам…
– Уяўляеш, у цябе вялізны мех золата. На што яшчэ патраціш гэтую каштоўнасць? – дапытваўся Казачнік.
– Яшчэ дам дзецям, у якіх няма бацькоў… І сабе жменьку.
– А сваё золата на што патраціш?
– Куплю планшэт, вудачку і самакат. Летам паеду на Нарач – усё спатрэбіцца.
Клас шумеў. Кожнаму хацелася выказацца, што б ён рабіў з мехам золата.
Лена аддала б скарб дырэктару школы, каб купіў кожнаму вучню па камп’ютару.
Аліна накупляла б сабе завушніц, пярсцёнкаў і завяла б маленькага слоніка, каб вазіў у школу.
Васіль, хлопчык пры гальштуку і з сотавікам на блішчастым ланцужку, узяў бы той мех з золатам і панёс бы дадому:
– Тата з яго зробіць бізнес!..
Прапаноў было столькі, колькі і вучняў у класе. Маўчала толькі Алеся. Яе аднапартнік Толік, герой казкі, у падзямеллі. Калі вернецца?
Казачнік як бы разгадаў трывогу дзяўчынкі і падняў яе, спытаў:
– А ты на што б патраціла знойдзены старажытны скарб?
– Раздала б ва ўсе музеі Беларусі. А на астачу купіла б два білеты ў краіны, дзе жывуць нашы любімыя казачныя героі…
Алеся ласкава зірнула на героя новай казкі. А Толік чамусьці засаромеўся. Можа, паверыў, што адзін Алесін білет у чароўнае падарожжа перападзе яму?
Уладзімір ЛІПСКІ