Як сустракаць Новы год
Прывітанне, сябры!
Вы, напэўна, ужо адчуваеце надыход цудоўных зімовых святаў. І, вядома, чакаеце віншаванняў і падарункаў! А самі не забыліся падрыхтаваць віншаванні для родных і сяброў? Цудоўна! І віншаваць мы будзем на беларускай мове.
Калі Новы год стукаецца ў дзверы, яго абавязкова трэба гасцінна сустрэць. Выражце рознакаляровыя сняжынкі, напішыце на іх літары віншаванняў “З Новым годам!”, “З новым шчасцем!” і прымацуйце да дзвярэй. Створаны вашымі рукамі карагод сняжынак прынясе ў хату святочны настрой.
Перад самым Новым годам, за тыдзень, прыходзіць “Каляда”, каб пажадаць усім добрым людзям здароўя, багатага ўраджаю, шчасця. На Беларусі Каляды адзначаюцца з 24 снежня па 7 студзеня. У гэтыя дні па вёсках ходзяць з каляднай зоркай хлопцы і дзяўчаты, спяваюць, віншуюць са святам, водзяць з сабой “казу” – пераапранутага хлопца ці дзяўчыну. І вы таксама можаце на час “пераўтварыцца” ў казу: апрануць зімовую вопратку футрам уверх, змайстраваць рожкі і хвост. Падрыхтуйце святочную песню, танец ці пажаданне і павіншуйце родных з Калядамі.
Добры вечар добрым людзям!
Шчодры вечар добрым людзям!
Дзе каза ходзіць – там жыта родзіць,
Дзе каза рогам – там жыта стогам,
Дзе каза нагой, там жыта капой,
Дзе каза хвастом – там жыта кустом.
А як жа адзначыць свята без каляднай зоркі? Зрабіць яе можа кожны так, як падкажа фантазія. На вялікім аркушы паперы фарбамі, алоўкамі ці фламастарамі намалюйце зорку, якая складаецца з 5 – 8 канцоў, і прыгожа расфарбуйце яе. Можна нават напісаць на ёй пажаданне ці верш. Размясціце калядную зорку на пэўным месцы ў кватэры, і, можа стацца, яна дапаможа выканаць некалькі калядных жаданняў (вядома, калі яны будуць добрымі і шчырымі).
У мінулае нашых продкаў ненадоўга мы зазірнулі, але на парозе – Новы год, і заўсёды цікава паразважаць пра будучае. Як? На асобных аркушах паперы няхай кожны напіша свае мары і пажаданні на надыходзячы год. А пасля складзіце ўсе лісты сям’і ў асобны навагодні канверт, пазначце дату і схавайце да наступнага года. А можна зрабіць са сваіх пажаданняў як быццам снежныя камячкі, весела закінуць іх у “кошык навагодніх пажаданняў” (яго ролю выканае любая прыгожая скрыначка) і сказаць чароўныя, віншавальныя словы: любімым бацькам, паважаным настаўнікам, верным сябрам і ўсім добрым людзям – удалага Новага года. Хлеба ўволю, шчасце і долю, каб багаты былі, як зямля, здаровы, як вада! З Новым годам!
Ірына БУТОРЫНА