Гарады, сяброўскія дзецям
Вы скажаце: дзе такія гарады ёсць? Ведайце, высокае званне “Горад, сяброўскі дзецям” нададзена беларускім гарадам Наваполацку і Пінску. Адзін з іх – горад малады, другі – старажытны. А росквіт, прыгажосць і веліч гэтых паселішчаў менавіта ў тым, што яны з павагай, любоўю ставяцца да Дзяцей.
Як жа іначай? Сённяшнія вы, дзетсадаўцы, вучні школ, – заўтрашні беларускі народ. Вы заменіце ўсіх дарослых. Станеце адказнымі не толькі за сябе, свой лёс, а і за будучыню сваёй мілай Радзімы – Беларусі.
У нашай краіне ўжо дваццаць два гарады змагаюцца за тое, каб называцца горадам, сяброўскім Дзецям. Давайце ж і мы, чытачы “Вясёлкі” і “Бусі”, станем актыўнымі ўдзельнікамі дзяржаўнай, важнай праграмы. А пачніце з моцнага сяброўства са сваімі любімымі часопісамі, якія нястомна вучаць вас любіць сваю Айчыну, ведаць яе гісторыю, шанаваць родную мову.
Уладзімір Ліпскі,
член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці,
галоўны рэдактар часопісаў “Вясёлка” і “Буся”