Вербніца
Народны каляндар
Аднойчы цёплай красавіцкай парою дзевяцігадовая Таццянка паехала разам са сваім таткам на некалькі дзён у госці да бабулі Насты, якая жыла адна ў невялікай вёсцы, што сваімі дварамі тулілася да лесу. І вось раніцай, як толькі паснедалі, бабуля сказала Таццянчынаму бацьку:
– Пайдзі, сынок, на Старую дарогу. Там, на грэблі, трэба некалькі бярвенцаў умацаваць. Павыварочвала іх талаю вадою. А сёння ж дзяўчаты пойдуць да грэблі вярбу ламаць, дык каб лёгка было ім прайсці той грэбелькай.
– А навошта дзяўчатам вярбу ламаць? – запыталася Таццянка ў бабулі.
– Дык заўтра ж, унучка, Вербніца – свята вялікае. Галінкі вярбы абавязкова трэба ў царкве асвяціць.
– А можна і я разам з таткам пайду да грэблі? – папрасілася Таццянка ў бабулі. – А калі прыйдуць дзяўчаты, з імі і я вярбовых галінак наламлю.
– Вядома, ідзі, унучачка, заўтра іх у царкве і асвецім.
І пайшла Таццянка з таткам да грэбелькі на Старую дарогу. Ён спраўна невялікія бярвенцы ўмацоўваў, а Таццянка радавалася цёпламу сонейку, зазелянеламу лужку ды ўсё на дарогу пазірала, ці не ідуць дзяўчаты вярбу ламаць?
Нарэшце пачулася вясёлая дзявочая гамана, і Таццянка адразу ж далучылася да дзяўчат, як толькі яны падышлі да грэблі. Адшчыкваюць дзяўчаты галінкі вярбы і размаўляюць паміж сабой, а Таццянка з цікавасцю слухае іх.
– Заўтра я абавязкова пасцёбаю асвячонымі галінкамі незнаёмага хлопца і запытаюся, як завуць яго, – сказала адна з дзяўчат і дадала: – Вось і дазнаюся імя свайго будучага мужа.
– І мы, і мы сцёбаць хлопцаў будзем, – дружна загаманілі дзяўчаты, і нехта з іх прамовіў: – А вы ж памятаеце, што трэба дзевяць пупышак вярбовых з’есці, каб на ўвесь год засцерагчыся і ад зубнога болю, і ад ліхаманкі?
– Памятаем, памятаем, – адазваліся дзяўчаты, а адна з іх сказала: – Мая маці заўжды асвячонымі галінкамі на першы выпас кароўку выганяе.
– Дык і нашы маці гэтаксама робяць, – зашчабяталі дзяўчаткі, а тая, што была бліжэй да Таццянкі, распавяла ёй: – А мне вельмі падабаецца “пальмамі віленскімі” чырвоны кут у хаце ўпрыгожваць.
І Таццянка пасаромелася пацікавіцца ў яе: «А што ж такое “пальмы віленскія”?» Але пра гэта адразу ж запыталася ў бабулі, як толькі вярнулася з таткам дадому.
– Дык гэта ж, унучачка, тыя самыя галінкі вярбы, толькі ўпрыгожаныя кветкамі ды стужачкамі рознымі, каласкамі засушанымі. А назва “пальмы віленскія” ад продкаў нашых прыйшла. Прыбраныя галінкі імітавалі пальмы, з якімі людзі сустракалі Хрыста пры яго ўездзе ў Іерусалім… Таму Вербніца адзначаецца і як хрысціянскае свята. Ну, унучачка, дзякуй табе за галінкі, вечарам мы разам з табою прыбярэм іх у “пальмы віленскія”.
Гэтак яно ўсё і адбылося. З надзвычай радасным хваляваннем чакала Таццянка вечара, але найбольш радавалася таму, што ёсць у нас, беларусаў, такое светлае, па-вясноваму ўзнёслае і трапяткое свята – Вербніца, якое штогод святкуем мы ў апошнюю нядзелю перад Вялікаднем. Яно адно з самых радасных і незабыўных святаў, якое прыйшло да нас ад далёкіх продкаў.
Раіса Баравікова