Як сябры дапамаглі Пыху
Жыў-быў у лесе маленькі і вельмі сімпатычны вожык Пых. Любіў ён сустракаць уранку праменьчыкі сонца, а за дзень паспяваў зрабіць шмат добрых спраў: расчышчаў сцяжынкі, каб іншым насельнікам лесу было зручна хадзіць, рыхтаваў запасы на зіму… Так і працаваў Пых ад ранку да позняга вечара.
Аднойчы вожык сустрэў свайго даўняга сябра Зайку. Не любіў Пых скардзіцца, але гэтым разам не вытрымаў:
– Пых-пых-пых, як жа я запыхаўся! – прамовіў ён. – Колькі ні прыбіраю ў лесе, а ўсё адно працы шмат застаецца. Я хачу зрабіць наш лес чыстым.
– Адпачні хоць трошкі, палюбуйся чароўнай вясной, – адказаў яму Зайка.
– Няма калі мне любавацца, яшчэ столькі ўсяго зрабіць трэба, – уздыхнуў Пых.
– Як ведаеш, – паціснуў плечыкамі Зайка і пабег далей. А вожык далей расчышчаў маліннік.
Вярнуўшыся ўвечары дадому, Пых адчуў такую стому, што адразу ж прылёг на ложак і заснуў. Але на наступны дзень лягчэй яму не стала: зусім расхварэўся Пых. Першым пра тое даведаўся Зайка:
– Што з табой, Пых? Чаму ты яшчэ ў ложку? – занепакоіўся сябар.
– Ды вось, захварэў я, – прашаптаў вожык.
– Адпачывай, не хвалюйся, хутка я вярнуся, – прамовіў Зайка, выбягаючы з вожыкавай хаткі.
Праз нейкі час да хаткі Пыха было не падступіцца: да хворага стаяла цэлая чарга звяроў, якія хацелі дапамагчы сябру. Мядзведзь прынёс вожыку ліпавага мёду, вавёрачкі – арэхаў і рознага насення, Зайка запарваў малінавую гарбату, а бурундучкі папраўлялі стрэшку ягонай хаткі. Усе стараліся дапамагчы Пыху.
– Дзякуй вам, сябры! Як жа я рады, што вы не забылі пра мяне ў цяжкую хвіліну! – усміхнуўся расчулены вожык.
– Пых, пакуль ты папраўляешся, мы ўсе будзем прыбіраць лес.
Неўзабаве вожык Пых ачуняў, але сябры ўжо ніколі не пакідалі яго аднаго. З таго часу звяры працуюць у лесе разам, робяць яго яшчэ больш чыстым і прыгожым.
Яўген МАРТЫНОВІЧ
?