Прыгожы малюнак
Настаўнік раздаў вучням кляновыя лісткі і даў заданне ўважліва разгледзець іх, каб потым намаляваць. Падзяліўшы аркуш паперы на дзве часткі, Манечка на адзін бок прыляпіла клеем лісток, а другі пакінула пустым. “Цікава, адкуль жа ты такі прыгожанькі, рознакаляровы?” – прашаптала дзяўчынка. На лістку было некалькі ледзьве прыкметных дзірачак.
– З гаю! – адказаў нехта, нібы прашамацеў.
Манечка паглядзела туды, дзе сядзеў яе сусед па парце Міхась, але той моўчкі засяроджана нешта выводзіў, пасопваючы носам.
– Гэта я, Лісток! – зноў пачуўся той жа тоненькі галасок.
Здагадка іскрынкай мільганула ў галоўцы Манечкі.
– З гаю? З якога гаю? – запытала дзяўчынка і паглядзела на аркуш.
Сапраўды, лісток быў жывы: дзяўчынка нават разгледзела яго ўсмешку, кірпаты носік у кропачках вяснушак і зялёныя вочкі.
– З восеньскага! З найпрыгажэйшага! Там я нарадзіўся ўвесну. Адразу быў толькі маленькай клейкай пупышкай. А потым, як сонейка працягнула свой праменьчык і дакранулася да майго цеснага дамка, абалонка лопнула, і я пабачыў блакітнае неба…
Манечка ўсё слухала. Яна забылася, што знаходзіцца ў класе. Ёй здавалася, быццам побач стаяць высокія магутныя клёны…
– А ўвосень я змяніў вопратку з зялёнай на жоўтую ў чырвоныя крапінкі. Так бы я і вісеў на дрэве, каб не карцела павандраваць. Калі ветрык завітаў у наш гай, я адарваўся ад галінкі і зляцеў. А ў гэты час у нізе прабягаў вожык.
– Вой! Вой, як балюча!
– Зваліўся на меня, ды яшчэ скардзіцца! Злазь або плаці за праезд.
– Прабач, вожык, я не хацеў цябе пакрыўдзіць! Дазволь мне толькі трошкі праехаць на табе, ну, самую крышачку… ву-у-у-нь за той пагорачак.
– Добра. З умовай, што ты будзеш сядзець ціха, бо я балбатуноў не паважаю!
Манечка хіхікнула, бо ёй так выразна ўявілася, як сур’ёзны вожык вязе вясёлы жоўценькі лісток з кірпатым носікам. “Вось адкуль у цябе дзірачкі, вандроўнік!” – здагадалася дзяўчынка.
– Ты чаго гэта? – запытаўся ў Манечкі сусед па парце, скасавурыўшыся на яе.
– Ды так, – збянтэжана адказала дзяўчынка.
Міхась паглядзеў на Маньчын аркуш.
– Ты чаго не малюеш?
– Малюю, але пакуль што не на паперы.
– А-а-а, – працягнуў Міхась у адказ, хоць нічога не зразумеў.
Манечка зноў паглядзела на кляновы лісток, які весела ўсміхнуўся, і рука дзяўчынкі сама сабой пачала выводзіць на паперы нейкія абрысы.
Калі настаўнік напрыканцы ўрока збіраў малюнкі, позірк яго затрымаўся на Манеччыным. Дзяўчынка выходзіла ўжо з класа, калі пачула:
– Манечка, пачакай. Падыдзі сюды.
Дзяўчынка падышла да настаўніка.
– Манечка, твой малюнак жывы, сапраўды жывы!
Вучні, што яшчэ заставаліся ў класе, згуртаваліся каля стала настаўніка. Усім было цікава паглядзець на прыгожы малюнак.
– Гэта мне лісток распавёў усё тое, што з ім адбылося. А я толькі намалявала, – саромеючыся, адказала Манечка.
– Так, Манечка. Але ж ты змагла пачуць гэта! – пахваліў настаўнік.
Святлана ЯРАШЭВІЧ