Вершы Марыны Кульпінавай
Понедельник, 2.06.2014 08:51. Рубрика: Вершы
Дзядуля-чараўнік
Я – дзядуля-лесавік,
Чарадзей і жартаўнік;
Па краях вандрую, крочу,
У дарозе днём і ноччу.
Толькі сонейка прагляне,
Я гуляю на паляне,
Казкі, вершыкі складаю,
Для маленькіх байкі баю.
Я – дзядуля-чараўнік,
Казачнік і жартаўнік;
Па краінах розных крочу
І да вас, сябры, заскочу.
Шмат ёсць казак у скарбонцы,
У маёй лясной старонцы.
Казку ўночы раскажу
І на сон паваражу.
Лянота
Гані ляноту прэч,
Не паддавайся ёй!
Няхай цябе міне
З сяброўкаю-маной!
Вароты зачын
Хутчэй жа на замок,
Каб не знайшла цябе
Лянота незнарок!
Месяц і зоркі
Увечары на небасхіле
Зоркі ясна засвяцілі.
Заіскрыліся, заззялі,
Свайго сябра выглядалі.
Месяц зорачкам міргнуў,
Усміхнуўся, пазяхнуў:
– Уставаць даўно пара,
Я ж – заместа ліхтара.