Уладзімір Сіўчыкаў. Вершы
Лекарка
Пазваню на працу маме:
“Справімся з хваробай самі?
Татка кашляе няспынна!
Можа, грып,
а мо ангіна?”
Як сапраўдны доктар,
трапна
Прапішу рэжым канапны:
Хай падрэмле да абеду
Пад сваім любімым пледам.
Котку Тайгу,
як захоча,
Падкладу.
Няхай вуркоча!
Цёплай ліпавай гарбаты
Кволаму запару тату.
Падлячу яго пячэннем
І малінавым варэннем!
Перш,
чым той гаючы сродак
Татку любаму даваць,
Пакладу ў глыбокі сподак,
Каб самой раскаштаваць,
Лыжак сем…
Ці хопіць пяць?
Соня
Рыжая!
Хачу спытацца,
Колькі будзеш ты валяцца –
Пад сталом пры батарэі,
Што прыемна спінку грэе,
А пасля на падваконні,
На канапе, у шафе цёмнай
Ды на дыванку стракатым,
Потым у пакоі ў таты
Пад яго настольнай лямпай,
Прыхаваўшы нос пад лапкай?
Зноў не выспалася сёння?
Хопіць пазяхаць спрасоння!
Лепш,
як тыгра,
пагырчы,
За клубочкам паскачы,
Пагуляй са мной хоць трошкі –
Не валёнак ты,
а кошка!
Не пакрыўджуся ні кроплі,
Нават калі кіпцем цопнеш!
Мо табе пачухаць пыску?
Малачка наліць у міску?
Ці адправішся гуляцца,
Калі я пачну ўкладацца?
Як памыюся пад кранам,
Пажадаю ўсім “Дабранач!”,
Пасля тэлекалыханкі,
Пацалунка мілай мамкі.