Недарэчная хованка
П’еса-казка
Дзейныя асобы:
Скамарох – казачнік.
Дзед, баба, унучак Пятрок, унучка Аленка, Мядзведзь, Заяц.
Скамарох. Жылі-былі дзед ды баба на ўскрайку Сіняга лесу. З імі жылі ўнучак ды ўнучка. Дзед і баба моцна любілі ўнукаў. Але баба сябравала болей з унучкай, а дзед – з унукам. Вядома, дзеду цікавей з унукам веласіпед рамантаваць, а бабе весялей з унучкай кветкі паліваць. Сябравалі яны, сябравалі, але аднойчы ўзялі ды пасварыліся.
У хаце дзед з унукам рамантуюць веласіпед. Баба з унучкай паліваюць кветкі.
Унучак. Ты, дзед, не ў той бок гайку круціш. З цябе рамонтнік, як з нашай бабкі футбаліст! (Смяецца.)
Дзед. Ах, ты з дзеда насміхаешся? Не хачу болей з табой сябраваць!
Унучак. Ну і не трэба, я з сястрой буду сябраваць, мне і з сястрой няблага.
Унучка. Бабка, ты гэты вазон ужо трэці раз сёння паліваеш. З цябе кветачніца, як з нашага дзеда балерына!
Баба. Ты з роднай бабкі насміхаешся? Не буду з табой сябраваць!
Унучка. Ну і не сябруй, мне з братам весялей сябруецца, чым з табой.
Дзед з бабай сустракаюцца ў адным кутку хаты, унукі – у іншым.
Баба. Дзед, паедзем з табой у горад гуляць, а ўнукаў не возьмем, калі яны такія.
Дзед. Давай, баба. А то яны надта разумныя сталі, зусім нас не паважаюць.
Унучка. Пятрок, давай у ладкі згуляем.
Унучак. Давай, Аленка.
Пакуль унукі гуляюць у ладкі, дзед з бабай апранаюцца і ідуць да дзвярэй.
Баба. Унучкі, не сумуйце, мы з дзедам у горад з’ездзім, пакатаемся на каруселі, пастраляем у ціры і вернемся. (Выходзяць.)
Унучка. Вой, што я нарабіла! Бабка пакрыўдзілася, не ўзяла мяне ў горад. (Плача.)
Унучак. І я, канечне, пагарачыўся. Навошта было з дзеда смяяцца? (Шморгае носам.)
Скамарох. Паўдня не было дома дзеда з бабай. Да горада далёка. Чакалі-чакалі ўнукі, нудзіліся-нудзіліся, ды з нуды вось што прыдумалі.
Унучка. Давай, Пятрок, схаваемся. Дзедка з бабкай вернуцца, нас не знойдуць ды плакаць пачнуць. А няхай ведаюць, як унукаў адных дома кідаць!
Унучак. Правільна, Аленка, няхай ведаюць! Ціха, здаецца, ужо ідуць!
Знадворку чуваць галасы дзеда і бабы. Унукі хаваюцца. Уваходзяць дзед і баба з гасцінцамі ды падарункамі.
Баба. Авой, дзед! Няйнакш, унукі ад нас пахаваліся. (Заглядвае пад стол.) У хаце іх няма. (Спрабуе ўзлезці на печ, але не можа.) Унучка, унучак, злазьце! Не, няма іх на печы.
Дзед (спрабуе зазірнуць у падпечча, ды не ўдаецца). Гэй, вылазьце! Не, няма іх пад печчу, чаго ім там з мышамі сядзець.
Баба. Нідзе іх няма. Што ты, дзед, сабе думаеш?
Дзед. Я думаю вось што: яны пабеглі за намі ў горад, нас не знайшлі ды там і заблукалі. Хадзем, баба, іх шукаць.
Баба. Хадзем, дзед. У горадзе не ў лесе, там яны могуць прапасці. (Выходзячы.) Гасцінцы прыхапі і дзверы, дзед, калком падапры!
Дзед забірае гасцінцы, выходзіць услед. Унукі вылазяць са сваіх хованак.
Унучка. Ты чаму дзеду не паказаўся?
Унучак. Я хацеў характар паказаць… А ты чаму?
Унучка. А я на бабку была сярдзітая. Вой, што мы нарабілі!
Кідаюцца да падпертых дзвярэй, грукаюць у іх кулакамі.
Унучка і ўнучак. Людзі добрыя, памажыце!
У аконнай шыбе паказваецца галава Мядзведзя.
Мядзведзь. Няма тут людзей, тут адны звяры. (Адчыняе дзверы, уваходзіць.)
Унучка. Мішка, дагані нашых дзедку з бабкай!
Мядзведзь. Я важу сто пудоў, як я іх даганю? Я вам Зайца паклічу.
Свішча. Убягае Заяц.
Заяц. Што здарылася?
Мядзведзь. Няма калі тлумачыць. Бяжы за дзедам з бабай, скажы ім, што ўнукі дома.
Заяц выбягае. Унукі хочуць нешта Мядзведзю казаць.
Мядзведзь (махае на ўнукаў лапамі). Маўчыце, нічога не кажыце, я ўсё ведаю. Я ўранні міма ішоў, на дзедаву лавачку прысеў дый задрамаў. Але ўсё-ўсё чуў. Нядобра вы сябе паводзілі, вой, нядобра! Думайце-гадайце цяпер, вернуцца яны да вас ці не.
Унукі плачуць. Убягае заяц, за ім – дашчэнту змораныя дзед і баба.
Заяц. Дагнаў! Вярнуў! Ідуць, ледзь не плачуць.
Баба. Унучкі даражэнькія, дзе вы былі?
Унучка, унучак (апусціўшы галаву, разам). Мы хаваліся.
Дзед і баба доўга моўчкі пазіраюць адзін на аднаго, потым дакорліва ківаюць галовамі.
Унучка. Дзедка, бабка, а што вы нам з горада прывезлі?
Дзед. А вось што! (Разгортвае вялізны пакунак, у ім ласункі, вялікая дудка і дзве драўляныя лыжкі.) Ну, хто тут хвацкі музыка, хто граць умее?
Мядзведзь (сціпла). Ты ж ведаеш, дзед, што я крыху на дудцы ўмею.
Заяц. А я на лыжках!
Мядзведзь і заяц граюць полечку, баба з дзедам і ўнучка з унукам весела скачуць.
Скамарох. Ну і мядзведзь! І музыка, і разумнік! Правільна зрабіў, што прысароміў унучку з унукам. Але ці толькі ўнукі ва ўсім вінаватыя? А дзед? А баба? Ну, ды добра тое, што добра канчаецца. Бачыце, як весела скачуць? Тут і казцы канец.
Заслона
Мікола Захаранка