Чаму пралескі сінія
Як толькі сышоў снег, у лесе пад густымі ялінамі прарасла Кветка. Яна пацягнулася сваімі шырокімі лісткамі, памахала празрыстай галоўкай і ўсклікнула тоненькім галаском:
– Як цудоўна! Я з’явілася на свет! Я жыву!
Але яе ніхто не пачуў. Высокія яліны гаманілі паміж сабой, і маленькую кветачку нават не заўважылі. Раптам з купінкі да Кветкі падскочыла Жаба.
– Вось і першая Кветка расцвіла, – задумліва сказала яна, – але чаму ты такая непрыкметная, празрыстая, бясколерная?
– Не ведаю, – сумна адказала Кветка, – можа, я залішне ўзяла вады з расталага снегу, таму празрыстая?
– А як цябе завуць? – спытала Жаба.
– Таксама не ведаю.
– Нецікава з табою, аніякага ўражання ад цябе, не хачу я з табой сябраваць, – сказала Жаба і паскакала далей.
Кветачцы зрабілася так маркотна і крыўдна, што яна заплакала.
– Хто гэта плача? – здзівіўся сонечны Праменьчык, які ў гэты час гарэзліва скакаў па лапках ялін. Ён разгарнуў лапнік і пабачыў Кветачку.
– Чаго ты плачаш? – спытаў Праменьчык.
– Сумна мне, – усхліпнула Кветка, – я такая непрыгожая, бясколерная, не ведаю, як мяне завуць. Нават Жаба не схацела са мной сябраваць.
– Не плач, – усміхнуўся Праменьчык, – завуць цябе Пралеска, таму што расцеш на пералесках і праталінках.
– Пралеска?! – здзівілася Кветка. – Якая прыгожая назва! Але чаму я празрыстая?
– Не хвалюйся, зараз мы гэта паправім, – сказаў Праменьчык.
Ён папрасіў, каб ялінкі расхінуліся, і Пралеска пабачыла прыгожае блакітна-сіняе неба, якое адлюстравалася ў яе празрыстых пялёстках. Пралеска зрабілася сіняй, як неба.
– Якая ты прыгожая! – радасна ўсклікнуў Праменьчык. – Гэта неба падарыла табе такую незвычайную прыгажосць! Цяпер ты будзеш нібы лапінка сіняга неба на зямлі!
– Цудоўна! – запляскала лісткамі шчаслівая Пралеска.
– Я вельмі рада, што табе спадабаўся мой падарунак! – гучна сказала Неба і ласкава ўсміхнулася.
А сонечны Праменьчык пацалаваў Пралеску, і ў гэты момант пасярэдзіне блакітна-сініх пялёсткаў з’явілася жоўтае вочка, якое засвяцілася мноствам маленькіх промнікаў.
З таго часу, як толькі веснавое сонца сагрэе зямлю, на праталінках расцвітаюць першыя веснавыя кветкі, якія завуцца пралескамі.
Ганна СКАРЖЫНСКАЯ-САВІЦКАЯ