Небяспечная знаходка
Сёння Аэлітачцы надта пашанцавала: як гулялі на дварэ, яна знайшла грошы. Але пакуль не вярнуліся з прагулкі, яна ўвесь час трымала ў кулачку паперку-купюру, баялася пакласці ў кішэню, каб, загуляўшыся, не згубіць.
Калі прыйшлі ў садок, дзяўчынка схавала грошы ў шафку, закрыла кофтачкай, каб ніхто не пабачыў. “Дам грошык тату,” – думала яна.
Аэлітачка гуляе ў кутку з цацкамі і раз-пораз паглядае на шкляныя дзверы калідора: ці не прыйшоў тата. Вось нарэшце і ён! Аэлітачка аж страпянулася ад радасці. Падскокваючы, пабегла ў калідор, умомант адчыніла сваю шафку, дастала грошы і паклікала тату:
– Тата, глядзі, што ў мяне ёсць, – бліснула сваімі вялікімі шэранькімі вачанятамі і разняла кулачок: – Вось, бачыш? Праўда ж, гэтыя грошыкі сапраўдныя? Бяры.
Тата толькі запытаў, дзе ўзяла яна тую купюрку.
– Я… Я знайшла, калі гуляла, – чамусьці адразу сумелася Аэлітачка. – Я іх не скрала, а знайшла, гэта мае грошыкі.
– Усё адно аддай іх, дачушка, выхавальніцы, гэта чужыя грошы. А чужое дабро да дабра не прыводзіць.
І Аэлітачка пабегла, аддала выхавальніцы знойдзеную купюрку.
Дома тата пасадзіў Аэлітачку на калені і пачаў расказваць казку:
– Неяк ішоў па лесе чалавек. Бачыць – стаіць пад сасной мяшок… Развязаў яго, а там грошы. “Бяда! Бяда!” – закрычаў чалавек на ўвесь лес. Пачулі яго крык дванаццаць разбойнікаў, пытаюцца: “Дзе бяда?” – “А во, пад сасной!” – паказвае рукой чалавек на мяшок. Паглядзелі разбойнікі, а ў мяшку – грошы. “Дурань ты, – кажуць яны чалавеку, – гэта ж шчасце, а не бяда”. А чалавек цішком, цішком даў ходу.
Падзялілі разбойнікі паміж сабой грошы. Адразу шасцёра з іх пайшлі ў горад рабіць пакупкі, а астатнія засталіся ў лесе. Тыя, што пайшлі ў горад, накуплялі ўсяго. Вяртаючыся назад, адзін разбойнік і кажа: “Давайце атруцім харчы і пачастуем тых, што ў лесе. Яны памруць, а іхнія грошы сабе забярэм”. “Добра,” – пагадзіліся астатнія. Атруцілі яны харчы, ідуць. А тыя, што ў лесе, згаварыліся перастраляць гэтых. Так і зрабілі. Перастралялі, падзялілі паміж сабой іхнюю частку грошай і давай баляваць. А харчы ж былі атручаныя! Наеўшыся, памерлі і астатнія разбойнікі.
– Ну, як? – запытаўся тата.
– Небяспечная знаходка, – адказала Аэлітачка і пабегла ў свой пакой гуляць з лялькамі.
Іван СТАДОЛЬНІК