Загадкавыя лічбы
Казка
Боцікі для бычка
Буся спытаў:
– Антонік, а як будзем шукаць лічбу чатыры?
– Каб нешта знайсці, трэба ведаць тое нешта, – дзе-ла-ві-та адказаў Антонік.
Яны прыселі на беразе рэчкі. Антонік адламаў дзве ча-ра-ці-ны. Адну з іх перагнуў папалам пад прамым вуглом. І прыставіў па-ся-рэ-дзі-не да другой чараціны.
– Што а-тры-ма-ла-ся?
– Кля! Дык гэта ж літара Ч! – радасна выгукнуў Буся.
– Правільна, літара Ч вельмі падобна на лічбу 4.
Буся тут жа выдаў сваю прыдумку:
– Чух-чух-чух, – чмыхае па чыгунцы ча-ра-па-ха.
Антоніку весела з Бусем. Але ж ён настўнік. Яму трэба, каб вучань ведаў не толькі, як вы-гля-да-е чацвёрка, а для чаго яна патрэбна.
– Кля! – заміргаў вачыма Буся. – Мо для таго, каб частаваць ёй дзяцей?
– Не, яна не для абедаў, а для ведаў, – сказаў Антонік і задаў задачку: – Табе, Буся, бацькі вы-ра-шы-лі купіць боцікі. Колькі іх трэба?
– Два! Кля-кля! Бо ў мяне дзве нагі, – тут жа адказаў Буся.
– А вунь таму бычку, што пасвіцца на лужку?
– Таму? – паў-зі-раў-ся Буся ў пя-рэ-ста-га бычка. – Яму не трэба боцікі, бо ён іх намочыць.
– Добра, купім яму гу-ма-вы-я. Але на колькі ножак яму патрэбны боцікі?
Працяг. Пачатак у № 1 (люты).
Буся пачаў лічыць:
– Пасля шыі ў яго адна і адна ножка. І перад хвосцікам – адна і адна.
– Ну, адна і адна – колькі будзе? – да-пыт-ваў-ся настаўнік.
– Дзве, як і ў мяне, – Буся залопаў крылцамі.
– А яшчэ?
– І яшчэ ў яго перад хвосцікам – адна і адна. Зноў дзве, кля-кля!
– Дык колькі ўсяго?
Буся заплюшчыў вочы, доўга думаў і раптам уз-ба-дзё-рыў-ся:
– Рашыў! Адна і адна – дзве. Дзве і адна – тры. А тры і яшчэ адна – чатыры! Ура! У бычка чатыры ножкі. Яму трэба чатыры боцікі! Кля-кля-кля-кля!
Да Антоніка і Бусі раптам падбеглі Нулік, Адзінка, Двойка, Тройка і Весялінка. Тлумачаць:
– Пачулі, што вы лічбы на-зы-ва-е-це, і мы тут як тут.
З-за чароту павольна выйшла Чацвёрка:
– А вось і я. Прашу залічыць мяне ў вашу школу.
– За-ліч-ва-ем, за-ліч-ва-ем, кля-кля, – заскакаў Буся, а разам з ім і лічбы, і Весялінка.
Настаўнік Антонік толькі ўсміхаўся.
І каб усе запомнілі лічбу Чатыры, загадаў загадку:
– На чатырох нагах стаіць, але не ходзіць. Што гэта?
Лёгкую загадку адгадалі і лічбы, і Буся, і Весялінка. Гэта а-ка-за-лі-ся – стол, крэсла, та-бу-рэт-ка, лаўка. Ва ўсіх іх па чатыры “нагі”. Але са-ма-стой-на хадзіць яны не могуць.
Антонік за-да-во-ле-ны вучнямі. Для да-маш-ня-га задання падабраў цяжкую загадку:
– Два бацькі і два сыны мелі тры яблыкі. Яны так па-дзя-лі-лі іх, што кожнаму пе-ра-па-ла па яблыку. Як такое можа быць?..
Энікі-Бэнікі
– Хатняе заданне трэба выканаць, – сказала Весялінка. – А пакуль працягнем урок а-рыф-ме-ты-кі.
У гэты момант Буся за-ла-па-таў крыламі.
– Кля-кля, – прамовіў ён. – Антонік вельмі доўга займаўся са мною. Я стаміўся.
– І мы ста-мі-лі-ся, – за-кры-ча-лі Адзінка і Двойка.
– Я пра-па-ну-ю зрабіць пе-ра-пы-нак, – ад-гук-нуў-ся Антонік. – Ты не супраць, Весялінка? Няхай нашы лічбы проста па-гу-ля-юць.
– А ў якую гульню яны будуць гуляць? – а-да-зва-ла-ся Весялінка.
– У хованкі! – нечакана выгукнуў Нулік. – Я ўжо прыдумаў, дзе сха-ва-ю-ся, – і ён паглядзеў на ма-лень-ка-е вядзерца, што стаяла каля па-ва-ле-на-га дрэва.
– Тады ўсе хавайцеся! Я ведаю лічылку, – сказаў Антонік.
Ён заплюшчыў вочы і пачаў лічыць:
Энікі-Бэнікі
елі варэнікі…
Толькі я адзін не еў,
бо гуляць яшчэ хацеў.
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
пачынаю ўсіх шукаць!
Антонік расплюшчыў вочы і радасна закрычаў:
– Тук-тук! Я цябе застукаў, Нулік! Ты кепска прыліп да а-ба-доч-ка на вядзерцы. Гэты вобад ма-ла-ва-ты для цябе!
– А вось і не малаваты! – адазваўся Нулік. – Чацвёрка ві-на-ва-та-я. Яна за-ско-чы-ла ў вядзерца, і я не паспеў добра прыліпнуць.
– Нулік мяне выдаў! – за-кры-ча-ла Чацвёрка і вы-ска-чы-ла з вядзерца.
З-за паваленага дрэва выбеглі Адзінка, Двойка і Тройка.
– Нулік, ты ўсю гульню сапсаваў! – дружна за-га-ма-ні-лі яны.
У гэты момант пачуўся шум крылаў, і на зямлю а-пу-сціў-ся Буся. На яго спіне стаяў не-вя-до-мы лічбавы знак.
– Глядзіце! Глядзіце! – закрычаў Нулік. – Гэта ж Пяцёрка! Буся, дзе ты яе адшукаў?
– Ды не шукаў ён мяне, – спакойна сказала Пяцёрка і са-ско-чы-ла на зямлю з Бусевай спіны. – Я ўвесь час была з Бусем.
– Ну канечне! – ускрыкнуў Антонік. – Слухайце, у Бусі дзве нагі. Калі да іх дадаць два крылы і яшчэ адну дзюбу, дык і а-тры-ма-е-цца лічба Пяць. Дзякуй, Пя-цё-ра-чка, што ты да-лу-чы-ла-ся да нас.
– А ў мяне ў кішэньцы ка-мень-чы-кі, – пачуўся голас Весялінкі. – Я хавалася ў густой высокай траве і там на-збі-ра-ла іх. Хто хоча атрымаць ад мяне каменьчык?
Усе дружна паднялі рукі, а Буся прыўзняў крыло. Весялінка дала каменьчык Адзінцы, Двойцы, Тройцы, Чацвёрцы. І самы апошні – Пяцёрцы.
– А мне? – нясмела за-пы-таў-ся Буся.
– Я таксама не атрымаў каменьчыка, – азваўся Нулік.
І Весялінка тут жа су-па-ко-і-ла іх:
– Не крыўдуйце! Затое Бусю і табе, Нулік, я задам заданне. Вы бачылі, як я раз-да-ва-ла каменьчыкі лічбам. Дык колькі ўсяго ка-мень-чы-каў было ў маёй кішэньцы?
Вясёлыя задачы
Антонік пахваліўся:
– Сёння на снеданні я з’еў тры ква-дра-ці-кі, адзін кру-жо-чак і два авалы. Што я з’еў і колькі ўсяго?
Буся адразу ўхапіўся маляваць. Доўгай дзюбай на пяску вывеў усе фігуры. Вось так.
– Глядзіце! Ды гэта ж робат, – за-кры-ча-ла Весялінка. – Ты што, робата з’еў?
Антонік па-чыр-ва-неў:
– Не выдумляй. Я еў яйкі, пячэнне і а-ба-ра-нак.
– Іх я таксама люблю, – сказала Весялінка.
Буся тым часам пачаў падлічваць:
– Адзін кружочак і два авалы – будзе лічба тры. А калі да яе дадаць яшчэ тры ква-дра-ці-кі, то гэту лічбу ведае Антонік. Ён яе з’еў…
Антоніку не ха-це-ла-ся адразу ва ўсім пры-зна-ва-цца. Ён жа з’еў не толькі шэсць “фігур”. Былі яшчэ шэсць лыжак манкі, шэсць глыткоў соку. І ён пра-па-на-ваў сябрам новую вя-сё-лу-ю задачку.
– Ад-га-дай-це: на трох бярозах растуць па два яблыкі. Колькі ўсяго яблыкаў падораць нам зя-лё-ны-я дрэвы?
Весялінка адразу рашыла:
– На адным дрэве два ды на другім два, дык будзе – чатыры. А яшчэ два з трэцяга дрэва, дык будзе – шэсць.
Антонік у-сміх-нуў-ся. А Буся за-дум-лі-ва сказаў:
– Нешта я ніколі не бачыў, каб на бярозах раслі яблыкі.
Усім стала весела ад смешнай задачкі.
На раз-ві-та-нне Антонік даў такое заданне:
– З якіх лічбаў скла-да-е-цца лічба шэсць? І папрасіў рашыць задачкі:
1+1+1+3=
2+2+2=
1+2+3=
3+3=
А Весялінка пра-па-на-ва-ла за адзінку лічыць чырвоны шарык, за двойку – сіні шарык, за тройку – зялёны шарык. І трэба рашыць задачкі асобна з лічбамі і асобна з ша-ры-ка-мі. Хлопчыкі і дзяўчынкі, гайда за званне ма-лай-чын-кі!
Лагодная капрызуля
Буся старанна вырэзваў кружочкі з паперы.
– Што ты робіш, Буся? – спытаў Антонік.
– Гэта фігуркі для ўрока а-рыф-ме-ты-кі, – сказаў Буся і адклаў нажніцы. – Ты, Антонік, спалохаў мяне, і я сапсаваў кружочак.
– Ты проста па-спя-шаў-ся, – па-сміх-ну-ла-ся Весялінка. – Хіба не ведаеш прыказку: сем разоў адмер і адзін раз адрэж? – і тут жа звяр-ну-ла-ся да лічбаў: – А вы чаго прыціхлі?
– Мы не прыціхлі, мы а-бу-ры-лі-ся Сямёркай! – ус-крык-ну-ла Двойка. – Ты яе толькі што назвала, але яна, не з’я-ві-ла-ся! Капрызы свае па-каз-ва-е!
– Так-так, яна ка-пры-зу-ля! – ад-гук-ну-ла-ся Адзінка. – Можа з’явіцца толькі ў нядзелю, калі будзе адзначаць свой Дзень на-ра-джэ-ння! Гэта сёмы дзень тыдня.
– А які ў нас дзень сёння? – запытаўся Нулік.
– Чацвер! – гучна вы-гук-ну-ла Чацвёрка. – Гэта мой дзень, ён чацвёрты на тыдні.
– А якія дні яшчэ ёсць? – запытаўся Антонік.
Буся хутка расклаў свае кружочкі:
– Адзін, другі, трэці, – і задумаўся.
– Ды не думай ты доўга, – сказаў Антонік. – Першы дзень тыдня – панядзелак, другі – аўторак, трэці – серада…
– Мой – пятніца, – патлумачыла Пяцёрка.
– А мой – субота! – ус-клік-ну-ла Шасцёрка.
– Правільна! Субота – шосты дзень тыдня. Потым ідзе нядзеля. Гэта мой дзень! – пачуўся мілагучны голас, і ўсе па-ба-чы-лі Сямёрку.
– Сямёрка! Сямёрка з’явілася! – радасна закрычаў Нулік. – А Адзінка назвала цябе ка-пры-зу-ляй і сказала, што ты не з’явішся!
– Я ла-год-на-я капрызуля, – за-смя-я-ла-ся Сямёрка. – Я добрая і гасцінная! Таму за-пра-ша-ю ўсіх вас у нядзелю на свой Дзень на-ра-джэ-ння.
Раіса БАРАВІКОВА
Уладзімір ЛІПСКІ
Працяг у № 3 “Бусі” (чэрвень).