Забаўлянкі
Четверг, 15.05.2014 10:55. Рубрика: БУСЯ
Генадзь БУРАЎКІН
Мірон і вароны
Хацеў Мірон
Злічыць варон.
Ды лічбаў ведаў менш Мірон,
Чым на двары было варон.
Сеня і семкі
Выйшаў Сеня ў сені,
Семкі нёс у жмені.
Тут сінічка смела
На плячук прысела
І з далоні ў Сенькі
Паклявала семкі.
Мікола МЯТЛІЦКІ
Галка
Галка голасна гукала:
– Здабыла скрылёчак сала!
З лапы вырвала ў ката.
Сма-ка-та!
Уладзімір МАЗГО
Мыладрама
Сёння ў Мілы
Міладрама:
Яе мылам мые
Мама.
Ну а можа –
Мыладрама,
Калі мыла
Ёсць таксама.
Стала чыстай
Міла:
– Шчыры дзякуй,
Мыла!
Анатоль ЗЭКАЎ
Хто чым займаўся?
Марына
Гартала
Буквар.
Карабель
Майстраваў
Макар.
А капрызуля Валерка
Капрызнічаў
Над талеркай.