Генадзь Аўласенка. Вершы
Среда, 14.05.2014 10:42. Рубрика: Вершы
Вожык
З-за сваіх кароткіх ножак
Хутка бегаць ён не можа,
Але ўмее бараніцца
Ад ваўка і ад лісіцы.
Ад савы і ад вароны
Ладзіць вожык абарону.
Ён з калючак футра мае.
Футра тое не здымае
Аніколі, анідзе…
А іначай – быць бядзе!
Выдра
Ля ракі яна жыве,
Спрытна пад вадой плыве.
Рыбу ловіць адмыслова,
Нават лепш за рыбалова.
Сойка
Апошнія навіны ўсе
Яна па лесе разнясе.
Пад мохам жалуды хавае,
Хавае… потым забывае…
І прарастаюць жалуды
У новыя дубкі тады.