Грак-будаўнік
Атрымаў тэлеграму Грак:
“Прылятай, не пазніся, дружбак,
Бо прыблудны крумкач-праныра
За будоўлю ўзяўся шчыра
І жыллё тваё разбурае,
Па галінцы яго разбірае,
Дачу ладзіць сабе за дарогай
Каля сметніку гарадскога.
Прылятай, прылятай,
Не пазніся,
За нахабу сур’ёзна вазьміся.
Годзе лётаць табе па свеце.
Мы паможам табе. Суседзі”.
Водзіць дзюбаю Грак здзіўлёна:
Тэлеграму прыслала… Варона!
“Можа, гэта паклёп ці падвох,
Бо вароны – хітрунні дай Бог!
Можа, спрэчка ў іх выйшла
Ці сварка?..”
І ў адказ тэлеграму даў шпарка:
“Лішне, кумка, бедаваць,
Бо прывык я будаваць.
Палятаю, пабядую –
Зноў гняздо сабе збудую.
Сумна мне ўжо тут, за морам,
Без турбот вясновых сорам.
Я ж турыстам тут сяджу.
Блізка час мой – прылячу!..”
Адаслаў тэлеграму Грак,
Ды ўстрывожыўся ўсё ж небарак:
“Мо заседзеўся я сапраўды,
Час дадому ляцець, туды,
Да прысад, да сваёй таполі,
Дзе самоты не ведаў ніколі.
Хоць жытло ўжо сваё не вярну,
Ды раней прынясу навіну,
Што вясна ў Беларусь ідзе,
Будзе радасць для ўсіх людзей –
Выйдуць поле араць, засяваць,
Нас прысмакамі частаваць:
Іх для нас у любой баразне
Будзе шмат па вясне…”
Прыляцеўшы, агледзеўся Грак:
“Хоць не верыў я, праўда, аднак
Мо і лепей.
Далей ад дарогі
Адбудуюся зноў, паўвіхаўшыся трохі.
Буду жыць пасля гэтай няўдачы
Я не горш, чым Крумкач на дачы.
І не ў гуле машын,
І не ў полі,
А ў самім гарадку на таполі…”
Падляцела Варона:
– К-кар-р-р!
Ты не верыў?
Цяпер-р – штукар-р-р!
Каб табе ды лягчэй было,
Я старое аддам кубло.
Прыляцела аднекуль Сарока:
– Я нагледзела двор недалёка,
Дзе ўсяго на будоўлю хапае.
Праўда, праўда,
Я ж, глянь, не сляпая!
– Дзякуй, дзякуй, суседзі, вам,
Я з будоўляю спраўляюся сам.
На спяцоўку змяніўшы фрак,
Тут жа ўзяўся
За працу Грак:
– Хоць мне цяжка,
Не бядую,
Зноў жытло сабе збудую.
На вяршыньцы самай
Будзе стрэшка, брама.
Ранічкаю ціхай
Не адзін, з грачыхай
Абжыву гняздоўе,
Як і летась,
Зноў я.
Хай Крумкач употай
Мне зайздросціць потым…”
Прабіраў яшчэ ноччу мароз,
Падаў снег на будоўлю з нябёс:
Запалохаць вясну хацелі.
Ды дарма ўсё:
Шпакі прыляцелі!
Грак дзівіўся, штукуючы браму:
– А хто ім пасылаў тэлеграму?