Сквапная баба
Жылі дзед і баба. Пайшоў неяк дзед у лес дровы сячы. Адшукаў старое дрэва, падняў сякеру. Ды раптам дрэва кажа:
– Не сячы мяне, мужычок! Што табе трэба, усё зраблю.
– Ну, зрабі, каб я багаты быў.
– Добра, ідзі дадому, усяго ў цябе будзе даволі.
Вярнуўся дзед дадому – хата новая, грошай поўна, хлеба – на дзясяткі гадоў хопіць.
– Ах, дзед, адкуль гэта ўсё? – пытаецца баба.
– Ды вось, жонка, такое дрэва знайшоў – чаго ні пажадаеш, усё зробіць.
Пажылі з месяц, прывыкла баба да багатага жыцця, кажа дзеду:
– Хоць жывем мы багата, ды што з таго, калі людзі нас не шануюць! Схадзі ты да дрэва ды папрасі, каб зрабіла цябе барынам, а мяне барыняй.
Узяў дзед сякеру, пайшоў да дрэва, хоча яго зноў сячы. Дрэва пытаецца:
– Што табе трэба, стары?
– Зрабі мяне барынам, а старую барыняй.
– Добра, ідзі з Богам!
Пажыла баба ў барстве, захацелася ёй большага:
– Што за карысць, што я барыня! Ідзі да дрэва, прасі, каб зрабіла цябе царом, а мяне царыцаю.
Прыйшоў стары да дрэва, хоча сякерай сячы.
– Што табе патрэбна? – пытаецца дрэва.
– Зрабі мяне царом, а старую царыцаю.
– Добра, ідзі з Богам!
Вярнуўся дзед дадому, а па яго пасланцы прыехалі. Кажуць: цар памёр, а цябе на яго месца выбралі. Ды нядоўга давялося дзеду з бабай цараваць. Кажа аднойчы баба:
– Ці вялікая справа – цар! Ідзі, дзед, да дрэва ды прасі, каб зрабіла нас багамі.
Пайшоў стары да дрэва. Як пачула яно тыя словы, зашумела лістотай і ў адказ дзеду мовіла: “Будзь жа ты мядзведзем, а твая жонка мядзведзіцай”. У тую ж хвіліну дзед зрабіўся мядзведзем, а баба мядзведзіцай, і пабеглі яны ў лес.
З рускай мовы пераклала Святлана БОГУШ