Каток – залаты лабок
Жыў дзед з бабай. Былі яны вельмі бедныя. Вось баба і кажа дзеду:
– Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, ссячы дубок, завязі на рынак, прадай і купі гарчык мукі. Спячом хлеб.
Сабраўся дзед, паехаў у лясок, пачаў секчы дубок. Выскачыў з дуба каток – залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
– Дзед, дзед, што табе трэба?
– Ды вось, каточак, мой галубочак, паслала мяне баба ссекчы дубок, завезці на рынак, прадаць і купіць гарчык мукі на хлеб.
– Едзь, дзед, дахаты: будзе ў вас мука!
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго мукі повен засек! Спякла баба хлеб, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму:
– Не шкодзіла б цяпер і капусты паспытаць. Вастры, дзеду, тапарок, едзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток – залаты лабок: папрасі ў яго капусты.
Навастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток – залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
– Дзед, дзед, што табе трэба?
– Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсць – капусты няма!
– Едзь, дзед, дахаты: будзе капуста!
Прыехаў дзед дахаты, а ў яго капусты поўная кадушка! Баба кажа:
– Ай, як добра! Вось каб цяпер яшчэ сальца… Не палянуйся, дзеду: вазьмі тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток – залаты лабок: папрасі ў яго сальца.
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток – залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
– Дзед, дзед, што табе трэба?
– Ды вось, каточак, мой галубочак: просіць баба яшчэ сальца да капусты.
– Добра, дзед, едзь дахаты: будзе табе сала!
Прыязджае дзед дахаты, а ў яго сала цэлы кубелец! Рады дзед, рада баба. Сталі яны жыць ды пажываць, дзецям казкі казаць. І цяпер жывуць, хлеб жуюць, капустаю з салам закусваюць.
залаты лабок
Напэўна, лепшая беларуская казка. Проста цудоўна!
найлепшая казка!