Падарункі чытачам
Кожная перакладная кніга – падзея ў культуры двух народаў. Асабліва калі гэта творы для дзяцей. Дзякуючы выдавецтву “Мастацкая літаратура” апошнім часам адбыліся дзве важныя падзеі – пабачылі свет пераклад на рускую мову выбраных твораў беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага “Золотой домик” і пераклад на беларускую мову “Трывожных аповесцей” знакамітага расійскага пісьменніка Альберта Ліханава.
Аўтараў аб’ядноўвае многае: і Уладзімір Ліпскі, і Альберт Ліханаў – дзеці вайны, абодва – вядомыя, прызнаныя пісьменнікі, лаўрэаты шматлікіх прэмій. Ужо дваццаць пяць гадоў Уладзімір Ліпскі ў Мінску, а Альберт Ліханаў у Маскве ўзначальваюць Дзіцячыя фонды. Адсюль і галоўная рыса, што лучыць творчасць пісьменнікаў, – любоў да дзяцей і служэнне дзецям.
Творы, што ўвайшлі ў кнігу “Золотой домик” Уладзіміра Ліпскага, даўно палюбіліся нашым чытачам – тут і казачныя аповесці “Прыгоды Нуліка”, “Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска”, “Пра Андрэйку Добрыка і Чорціка Дуроніка”, і не менш вядомыя казкі – “Разумны пеўнік”, “Чароўныя словы”, “Хлопчык Ай”, “Люлік-пілюлік” і многія іншыя. Цяпер дзякуючы перакладам Валерыі Саротнік, Ігара Клепікава, Ірыны Шаўляковай і Таццяны Астапчык з творамі могуць пазнаёміцца чытачы суседніх краін. Зрэшты, кніга, несумненна, запатрабаваная і ў Беларусі. Кожны твор Уладзіміра Ліпскага – гэта маленькі цуд, які пераносіць чытача ў дзівосны, чароўны свет. Казкі адначасова вясёлыя і павучальныя, мудрыя і арыгінальныя. Кніга шыкоўна аформлена ілюстрацыямі Ігара Ліпскага. Яна стане жаданым падарункам для кожнага.
Кнігу “Трывожныя аповесці” Альберта Ліханава склалі два творы – “Дзяўчынка Усёадно” і “Хлопчык, якому не баліць”. Кожная з аповесцей – гэта шчымлівая гісторыя дзіцяці, дзяўчынкі і хлопчыка, якім за сваё яшчэ зусім нядоўгае жыццё давялося перажыць шмат болю, цяжкіх выпрабаванняў і пакут. Аўтар піша надзвычай пранікнёна. Апісвае лёсы сваіх герояў настолькі праўдзіва, з такой любоўю, што абодва творы чытаюцца на адным дыханні і не адпускаюць чытача з першых радкоў да апошняй кропкі. Цяпер і беларускія дзеці могуць прачытаць аповесці Альберта Ліханава на сваёй роднай мове ў цудоўных перакладах Уладзіміра Ліпскага і Алены Масла.
Вася ВЯСЁЛКІН