Пеця, Валодзя, Коля
Пеця, Валодзя, Коля – сябры. Адзін без аднаго жыць не могуць: разам гуляюць у чыгунку, разам лётаюць на самалётах, разам сядаюць за стол снедаць, абедаць, вячэраць. І здараецца такое, што іх разам ставяць у кут, калі ўжо сіл у дарослых няма трываць іх непаслушэнства. Аднаму сумна і крыўдна стаяць у куце, глядзець у сцены. Іншая справа – утрох!
Зразумела, што ў гэтай сяброўскай тройцы галоўны – Коля. Яго слова – закон. Вось яны ўтрох ляцяць на звышгукавым самалёце ў Парыж. І камандзір карабля, безумоўна, – Коля.
Наагул ён чалавек – надта сур’ёзны. Пра надвор’е з ім не пагаворыш. А з гасцямі вітаецца толькі так:
– Добры дзень! Я задні мост адрамантаваў!
– Які задні мост? – са здзіўленнем пытае госць, – а Коля, паціскаючы плячыма, зіркне так спакойна знізу ўверх, быццам ён за вас на дзве галавы вышэйшы, растлумачыць як бы між іншым:
– У самазвала! Валодзя ці Пеця, я ўжо не помню, хто дакладна, няправільна самазвал загрузілі, і задні мост паламаўся. Давялося рамантаваць…
Так у Колі ва ўсім: справа – перш за ўсё. Хоць ёсць і ў Колі адно слабае месца – любіць ён цукеркі. Больш за ўсё – шакаладныя. У яго на іх асаблівы нюх. І калі хто-небудзь з дарослых прынясе ў хату шакаладку, Коля пра гэта тут жа здагадваецца. Але ж ён не стане адразу назаляць: маўляў, дайце мне цукерку ці шакаладку. Гэта не ў яго характары.
Калі ж яго клічуць абедаць, ён ужо не махае рукою, як зазвычай бывае. Маўляў, нічога з мамай, татам, сястрычкай Машай не здарыцца, калі яны яго пачакаюць. Калі ў хаце з’яўляецца шакаладная цукерка, Коля першы сядае за стол. І сядае так, каб злева і справа ад яго засталося вольнае крэсла.
Ну вось, сумленна з’едзены ўвесь абед, нават аўсяная каша. Збіраюцца са стала талеркі, ставяцца кубкі, сподачкі, а гэта значыць – зараз будзе чай.
І сапраўды, тата разлівае чай па сподачках. Амаль адначасова каля кожнага сподачка з’яўляецца шакаладка. Каля Колевага сподачка таксама з’яўляецца ласунак. Але Коля здзіўлена пацісквае плячыма і пытаецца ў таты:
– А Пецю? – і азіраецца на крэсла справа ад сябе. Пасля кідае позірк направа: – А Валодзю?
І вось Коля выпівае свой кубачак, з’ядае цукерку ці шакаладку, дзякуе тату і ідзе ў вялікі пакой. Там яго чакаюць розныя важныя справы – зборка самалёта, рамонт самазвала…
У такіх клопатах праходзіць хвілін дзесяць, а то і чвэрць гадзіны. І толькі пасля гэтага Коля вяртаецца да стала. Тут ён са здзіўленнем дазнаецца, што Пеця і Валодзя яшчэ не з’елі сваіх шакаладак.
– Пеця! – з папрокам звяртаецца Коля да аднаго са сваіх сяброў. – Што ж гэта? Нам ужо трэба адлятаць у Парыж, а ты ўсё яшчэ не выпіў чай! А ты, Валодзя?!.
Потым Колеў твар святлее, робіцца радасным, ён здагадваецца, у чым справа:
– Вы, пэўна, забыліся, як трэба разгортваць такія шакаладкі, так? Трэба ж было спытаць, я паказаў бы вам! Глядзіце – гэта робіцца так!
Коля здымае абгортку спярша з Пецевай, пасля з Валодзевай шакаладкі. Нагадвае таму і другому, каб не забыліся выкінуць паперчыны ў кош для смецця. І толькі пасля гэтага вяртаецца ў вялікі пакой, каб працягнуць падрыхтоўку да авіярэйса.
Так ці іначай, а час ужо на зыходзе, пара адлятаць, але Пеці, Валодзі ўсё яшчэ няма на аэрадроме. Гэта пачынае непакоіць Колю ўсё болей і болей. І ўжо нічога яму не застаецца, як ізноў пайсці і зірнуць, чаго ж усё яшчэ яго сябры сядзяць за сталом!
Ну, зразумела, так яно і ёсць: ні Пеця, ні Валодзя не з’елі сваіх шакаладак! Не, так доўга працягвацца не можа – і есці не жадаюць, і ляцець у Парыж не збіраюцца. Трэба ж нейкае рашэнне прымаць!
Коля і прымае рашэнне: сядае за стол, налівае ў кубачак халодны чай і з’ядае спярша Пецеву шакаладку, а пасля і Валодзеву. Ці наадварот: спярша Валодзеву, а потым Пецеву. Вось цяпер ужо поўны парадак. Можна ляцець у Парыж, а то і яшчэ далей.
Здараецца, Коля назірае, што тату неяк не па сабе. Не Колева справа ўмешвацца ў жыццё дарослых людзей, але ён добра разумее, чаго ўсё ж не хапае тату, як і многім дарослым людзям: у іх няма такіх, як у Колі, цудоўных і верных сяброў – Пеці і Валодзі.
Сяргей ЗАЛЫГІН
З рускай мовы пераклаў Алесь Карлюкевіч
Сяргей ЗАЛЫГІН (1913 – 2000) – расійскі пісьменнік, акадэмік Расійскай акадэміі навук. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Аўтар шматлікіх апавяданняў і раманаў.
Туман
Хтосьці ноччу пацягнуў лес.
Быў ён вечарам,а раніцай знік!
Не засталося ні пенька,ні куста,
Толькі белая вакол пустата.
Дзе ж хаваюцца птушка ды звер?
І куды за грыбамі цяпер?
Верш І.П Такмаковай.
Пераклала Паліна Мазанік
Ці можна Вам даслаць свае творы летам на зімнюю тэму па звычайнай пошце?