Уладзімір МАЗГО. Вершы
Понедельник, 14.04.2014 12:31. Рубрика: Вершы
Беларуска
Беларуска, беларуска,
Па сцяжынцы крочу вузкай
Між азёраў і бароў –
На сустрэчу да сяброў.
Я спяваю людзям песні
Пра любімы родны край,
Што, як птушкі напрадвесні,
Саграваюць небакрай.
Многа кніжак прачытала
І з павагай гавару:
Багдановіч і Купала
Мне адкрылі Беларусь.
Палюбіла назаўсёды
Край жытнёва-трапяткі,
Дзе бярозкі карагоды
Дружна водзяць ля ракі.
Парыжанка ці пружанка?
Расказала Жанна Воўку
Пра замежную вандроўку.
– Можа, станеш, Жанка,
Хутка парыжанкай?..
А дзяўчынка прамаўляе,
Што яна не прамяняе
На Парыж Пружаны,
Дзе радзіма ў Жанны.
– Я, – гаворыць Жанка, –
Назаўжды пружанка!
Першакласнікі
Не нарадуюцца вучні:
– Атрымалі мы падручнік.
Гэта кніга нашых мар,
Называецца “Буквар”.
І да нас прыйшла пара
Стаць сябрамі “Буквара”.