Гуканне вясны
Народны каляндар “Вясёлкі”
Паехаў калісьці адзін дрывасек у лес па дровы. Зіма ў той год зацягнулася, дроў не хапала, каб паліць у печы. І вось зварочвае дрывасек на лясную дарогу, раптам бачыць: прыгожанькая дзяўчынка між дрэў блукае. І не проста блукае, а кветкі збірае. Дрывасек вачам сваім не паверыў, бо, калі дзяўчынка нахілялася, снег вакол яе пачынаў раставаць, зялёная траўка праглядвала і тут жа кветачкі з зямлі з’яўляліся – першыя вясновыя падснежнікі.
– Эгэ-гэ-эй, даражэнькая! – закрычаў уражаны дрывасек. – Адкуль ты тут у цёмным лесе ўзялася, і чыя ж ты будзеш?!
Дзяўчынка заўсміхалася і ветліва адказала:
– Ды Вяснянка я, малодшая дачка Вясны. Ці ж не бачыш, кветкі збіраю!
– Ну, а дзе ж сама Вясна? – тут жа запытаўся дрывасек. – Людзі ўжо даўно чакаюць яе і дачакацца ніяк не могуць. Чаго яна затрымліваецца? Бачыш, колькі яшчэ снегу ў лесе і марозік па начах цісне!
– Але, цісне, – пагадзілася дзяўчынка, – бо Вясну пагукаць трэба. Заспалася маці.
– Дык як жа яе гукаць? – расхваляваўся дрывасек.
– А ты падыдзі бліжэй, і я табе ўсё раскажу, – адказала дзяўчынка. – Бо яшчэ ж і птушак уважыць трэба, каб яны разам з Вясною з выраю хутчэй вярнуліся.
І падышоў дрывасек да Вяснянкі. А калі развітаўся з ёю, дык вельмі заспяшаўся ў сваю вёску, каб хутчэй расказаць усім пра пачутае ад Вяснянкі.
І назаўтра ж усё ажывілася ў той вёсцы. Гамана вясёлая ўзнялася. З самага ранку сонейка з’явілася ў небе, ды такое гарачае, што ўмомант ручаінкі зазвінелі наўкол. З хатаў пачалі выходзіць святочна прыбраныя людзі, маўляў, усе дружна ідзем Вясну гукаць. У руках яны трымалі галёпы – смачнае печыва ў выглядзе жаўрукоў і буслікаў – ці проста коржыкі з выціснутай на іх буславай лапкай. Усе ішлі на высокую горку, а нехта дык і на бераг ракі, дзе запальвалі вогнішчы як знак ачышчэння зямлі. А дзяўчаты з вясновымі песнямі пачыналі вадзіць карагоды, бо ў народзе здаўна кажуць: дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць! Галёпы раздавалі дзецям, якія высока ўздымалі іх на сваіх далоньках і прыгаворвалі: “Бусел, бусел, на табе галёпу, дай мне жыта копу!” І буслы спяшаліся з выраю, каб пачаставацца гэтым ласункам. Здалёку чуўся ў ясным небе іх радасны клёкат.
Вядома, тым сонечным днём і прачнулася Вясна. Тады ж яго і прыгожа назвалі святам Гукання вясны. І шмат дзе ў Беларусі яно вельмі хораша святкуецца і сёння. А прыпадае яно якраз на Благавешчанне. Па-іншаму, Звеставанне, добра вядомае і шаноўнае свята ва ўсім хрысціянскім свеце.
Благавешчанне шырока адзначаецца і ў суседняй Расіі. Там яно, як і ў нас, здавён лічыцца Днём надыходу вясны.
Раіса Баравікова