«Вясёлка» стварае ўласную бібліятэку
Дзяцінства – цудоўная краіна, у якой заўсёды знойдзецца мноства цікавых спраў і гульняў. Падчас гульні можна шмат чаму навучыцца, але яшчэ больш можна даведацца з цудоўных кніжак, напісаных на мілагучнай роднай мове. Такія кніжкі абавязкова павінны быць у кожнай сям’і.
Разумеючы гэта, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі і дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Мікалай Супрановіч вырашылі аб’яднаць свае намаганні і выдаць унікальную серыю кніг для дзяцей, якая атрымала назву “Бібліятэка часопіса “Вясёлка”.
У гэтай серыі маленькія чытачы і іх бацькі знойдуць вершы, апавяданні, беларускія народныя і аўтарскія казкі, а таксама казкі народаў свету, нарысы, загадкі, скорагаворкі і шмат іншага.
Аўтары кожнага твора – класікі беларускай дзіцячай літаратуры і таленавітыя сучасныя пісьменнікі. Творы, якія ўключаны ў кнігі серыі, прайшлі сапраўднае выпрабаванне часам: усе яны былі надрукаваны ў часопісе “Вясёлка” ў розныя гады, але сустрэліся толькі на старонках кніг серыі.
Свет пабачылі ўжо пяць кніг серыі “Бібліятэка часопіса “Вясёлка”. Наступная кніга, аўтарам якой аб’яўлены Васіль Вітка, выйдзе ў канцы красавіка – пачатку мая. Усяго плануецца выпусціць 100 кніг.
Дарэчы, часопіс “Вясёлка” праводзіць акцыю. Калі вы ўжо сабралі калекцыю з пяці кніг серыі, паведамляйце нам і вы атрымаеце ў падарунак цацку.
У часопіса з’явіўся добры аніматар, віншую шчыра! І праект цудоўны! Будзем набываць кнігі:))