Крышку пра кніжку
Мікола Чарняўскі напісаў не адзін дзясятак кніг для дзяцей. Многія вершы і казкі з іх увайшлі ў школьныя падручнікі. Ствараючы арыгінальныя творы, паэт займаецца і перакладамі. Дзякуючы яго працы на гэтай ніве, юныя чытачы Беларусі пазнаёміліся з творамі, якія чытаюць іх равеснікі ў Балгарыі, Польшчы, Літве, Грузіі, Украіне, Малдове, Казахстане, Азербайджане і многіх іншых краінах свету. Чытаюць, вядома, на сваёй роднай мове. Цяпер яны загучалі і па-беларуску. А заадно і склалі кнігу “Як зрабіць вясёлым дзень”, якая нядаўна з прадмовай Алеся Карлюкевіча пабачыла свет у выдавецтве “Літаратура і Мастацтва”. У яе, як сцвярджае на пачатку кнігі аўтар, увайшлі “вершы, казкі, гумарынкі – з мнагамоўнай цуда-скрынкі”.
Усе творы з гэтай “цуда-скрынкі” перакладчык расклаў па пяці палічках: “Свеціць сонейка для ўсіх, альбо Што дзіцяці трэба”, “Як зрабіць вясёлым дзень, альбо Побач мама – родны свет”, “Усе для ўсіх, альбо Хто заўсёды ў клопаце”, “Жывы буквар, альбо Хто памог прыйсці вясне”, “Бабслей… на парэнчах, альбо Хто аб чым бядуе”. Юныя чытачы знойдуць у кнізе сур’ёзныя і жартоўныя вершы. Першыя прымусяць задумацца, другія – усміхнуцца. Галоўнае ж – беларускія хлопчыкі і дзяўчынкі акунуцца ў свет захапленняў сваіх равеснікаў з іншых краін, а заадно зразумеюць, што яны мала чым розняцца. Як кажуць, дзеці – усюды дзеці.
Вася ВЯСЁЛКІН