Жыццё-імгненне
– Прывітанне! Я сёння нарадзілася! – усміхнулася рацэ расінка.
Маленькая кропелька была чыстай-чыстай. Яна весялілася і перакатвалася з аднаго краю лісціка на другі.
– Добры дзень, мілая і наіўная, – важна адказала рака. – Чаго так весялішся? Зусім хутка ўзыдзе сонейка, і ўсе расінкі ператворацца ў пару. І ты таксама. Я гэта ведаю!
Кропелька здзівілася:
– Што такое пара?
– Гэта значыць, што цябе хутка не стане. Ты народжаная на імгненне. Як толькі ўзыдзе сонейка, ты знікнеш! Была – і раптам няма, – растлумачыла паўнаводная рака.
– Добра, што вы мне пра гэта сказалі. Я не буду губляць часу. Усё роўна, колькі, галоўнае… як я пражыву, – адказала расінка, бліснула ў промнях узыходзячага сонца і падумала: – На што патраціць сваё кароценькае жыццё?
Тут расінка ўбачыла малюсенькага жучка. У параўнанні з ім яна была вялікай. Жучок сонна поўз па зямлі. Відаць, ніяк не мог прачнуцца. Расінка зразумела, што можа зрабіць дабро, таму скацілася з лісточка на травінку і павісла на яе кончыку. Вядома, расінка адразу трохі “схуднела”, затое жучок прачнуўся! Нават не раззлаваўся, калі ўбачыў усмешку кропелькі. Расінка сказала жучку:
– Добрай раніцы! Прачынайцеся! Хочаце яшчэ памыцца? А можа, вы жадаеце раніцай напіцца?
Жучок кіўнуў – і кропелька скокнула на прыгожую кветку і падзялілася сваёй празрыстай вадой. Яе пілі і жучок, і іншыя казюркі. Расінка яшчэ больш схуднела, а тыя, хто папілі, ажывіліся, канчаткова абудзіліся і з добрым настроем паляцелі на луг, каб працаваць. Зараз яны, як і расінка, таксама хацелі зрабіць што-небудзь добрае.
Ірына Тарбецкая