3. Дабрадзей для ўсіх дзяцей
3. Юні-Юні дапамагае
Юні-Юні прачнуўся ад пісклявага, трывожнага голасу, які слова ў слова паўтараў яго выклічку-заманку:
Юні-Юні – дабрадзей,
Завітай да нас хутчэй!
Kinder, children, дзеці –
Янкі, Зосі, Пеці…
Гэта быў Белы Зай, Бяляк. Ён клікаў на падмогу. Трэба ляцець!
Праз некалькі імгненняў Юні-Юні быў тым лесе, у якім прызямліўся з неба. Вясна змяніла краявіды. Дрэвы паскідвалі з сябе снежныя гурбы, пашарэлі. На доле пачарнелі праталіны. Астравы снегу асунуліся і праз белае покрыва вызіралі верас, чарнічнік, нізкія кусцікі ядлоўцу. Ды і сам Зай рыхтаваўся памяняць кафтан на вяснова-летні, русы.
– Выклікаў?.. Што здарылася? – звярнуўся Юні-Юні да знаёмага Зая, як гэта робяць дактары “Хуткай дапамогі”.
– Ага, заманіў… Паратунку няма ад ваўка…
– Што ён робіць?
– За мной і за маімі малымі дзецьмі ганяўся… Мядзведзя Бурага разбудзіў у бярлозе. Задумаў яго дзяцей украсці. Што рабіць?..
Юні-Юні задумаўся.
А Бяляк, азіраючыся па баках, прадаўжаў скаргу:
– Той шэры злыдзень кінуўся нават на вавёрачку. Хацеў адабраць у яе апошні арэшак. Гэта ж добра, што яе махнаты хвост, як ракета, і яна маланкай узляцела на дрэва… А яшчэ вожыка абзываў калючкай. Снягірка сагнаў з рабінкі. Ён жа спакойна ласаваўся ягадай і пасля хацеў спяваць.
Жыцця ад ваўка няма – дзеці баяцца гуляць у лесе…
– Вось што, – параіў Юні-Юні, – зрабіце вы ў сваім лясным царстве так, як паступілі людзі. Амаль усе краіны планеты Зямля падпісалі Канвенцыю аб правах дзіцяці. У ёй ажно пяцьдзесят чатыры артыкулы. І кожны з іх скіраваны на тое, каб нідзе, ніхто не крыўдзіў дзяцей…
– От бы нам такую дамову, – задумліва сказаў Белы Зай.
– Там нават запісана, – прадаўжаў Юні-Юні, – што ніхто ніколі не мае права жорстка абыходзіцца з дзіцем, зневажаць і абражаць яго. Кожнае дзіця павінна быць абаронена ад усялякіх зняваг і прыгнёту.
Вакол Зая заскакалі белыя, пухнатыя зайчаняткі. Яны не зусім разумелі дарослую размову, але адчулі, што з іхнім татам гутарыць нейкі Дабрадзей. Ім захацелася павесяліць госця, і яны заспявалі:
Сёння раніцаю ліў
Першы дожджык з громам,
Ён вясёлку запаліў
І над нашым домам…
Юні-Юні спадабалася песня зайчыкаў. Кожнага ён асвяціў сваім сонечным промнікам. А іх тату сказаў:
– Пачніце з таго, паважаны Зай, каб вашы дзеці і дзеці ўсіх лясных звяроў і нават птушак навучыліся чытаць, пісаць, лічыць.
– Трэба будзе схадзіць да нашага старэйшыны, багатыра Зубра, – разважыў Бяляк. – Ён, бадай, самы мудры ў нашым лесе. Хай усё ўзважыць, што да чаго.
– Слухай, Бяляк, а яшчэ ў людзей ёсць такі важны человек, які смела абараняе правы ўсіх дзяцей. Ён называецца Упаўнаважаны па правах дзіцяці. Яму можна і паскардзіцца, калі дзецям дапамога патрэбна. Да яго могуць звяртацца нават таты і мамы, бабулі і дзядулі. Вось было б добра, каб у вашым лесе Зубр стаў такім абаронцам. Пра абавязкі ўпаўнаважанага, сапраўднага рыцара дзяцей, можна прачытаць на сайце www.unicel.by.
– Гэта добрая падказка, – пагадзіўся Бяляк. – Дзякуй, Юні-Юні-дабрадзей, заступнік нашых дзяцей. Я пабег да Зубра!..
– Маю выклічку-заманку перадай яму, –папрасіў Юні-юні.
Уладзімір Ліпскі