Пастухі
Дзед Андрэй і воўк Арцём
Пасвілі авечак,
А па долах ціха поўз
Цёплы сіні вечар.
– У сяло ўжо нам пара, –
Кажа дзед Арцёму.
Агрызаецца Арцём:
– Ды яшчэ ж не цёмна!
Ты – пастух,
І я – пастух,
Пасвілі на пару,
І цяпер патрэбна нам
Падзяліць атару.
Мы дзяліць яе з табой,
Як сябры, павінны:
Статак наш –
Табе і мне –
Будзем палавініць…
Ды не згодны дзед Андрэй
З воўчым угаворам.
– Ты зладзюга, –
Кажа дзед, –
Як табе не сорам?..
Дзед авечак – да сяла,
Воўк у лес-цямнечу
Хоча ўсіх ужо загнаць
Дзедавых авечак.
Што рабіць?
І свіснуў дзед.
Бачыць,
Дзякуй Богу,
Мчыць здалёк яго Дружок
Верны на падмогу.
Ён пасевы ад курэй
Вартаваў з бабуляй,
А пачуўшы дзедаў свіст,
Прыляцеў, бы куля.
Воўча выскаліў клыкі
І вачыма лыпаў,
Ды ні з чым у гушчары
Цёмныя паклыпаў.
Папрасіў унукаў дзед,
Як вярнуўся з поля,
Каб не верылі ваўку
Шэраму ніколі.
Рыгор Яўсееў