“Вясёлка” ў кнігах
Дарагія сябры, ці пачалі вы збіраць сваю бібліятэку часопіса “Вясёлка”? Калі не, то варта паспяшацца! Ваш любімы часопіс разам з выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” падрыхтаваў для вас шмат цікавага і вясёлага.
Нядаўна ў серыі “Бібліятэка часопіса “Вясёлка” выйшла кніга Уладзіміра Ліпскага “Сакрэты колераў вясёлкі”. У ёй сабраны творы, што друкаваліся на старонках часопіса на працягу больш як сарака гадоў. Тут і “Рыгоркавы прыгоды”, і “Марынчына казка”, і “Вясёлая азбука”, і “Антонік-понік”, і шмат іншых цудоўных казак, апавяданняў, вершаў. Гэтыя творы маглі чытаць у “Вясёлцы” вашы мамы і таты, калі былі школьнікамі. А некаторыя з іх, безумоўна, добра вядомыя і вам. Гэта сапраўды літаратура, правераная часам.
Апрача кнігі Уладзіміра Сцяпанавіча, у серыі выйшлі яшчэ чатыры кнігі: зборнік вершаў Эдзі Агняцвет “У свеце дабрыні”, творы аўтараў “Вясёлкі” пра мурлыку “Кот жыве без турбот”, чытанка-маляванка “Матылёчкі-матылькі” з цудоўнымі вершамі Раісы Баравіковай і ілюстрацыямі Віталя Дударэнкі, а таксама пераклады вершаў літоўскага паэта Вітаўтаса Бараўскаса “Зіхаціць на небе сонца”. У планах на наступны год – выданне кніг Васіля Віткі, Артура Вольскага, зборніка вершаў пра маму… Але не будзем раскрываць усіх таямніц. Збярыце сваю бібліятэку “Вясёлкі”!
Святлана БОГУШ